Беларусаў чакае некалькі падатковых новаўвядзенняў
- 6.10.2025, 16:50
Ужо з 1 студзеня.
У Беларусі з 1 студзеня 2026 года скасуюць адну з льгот па падатку на прафесійны даход. Цяпер для тых, хто пераходзіць на гэты падатак, дзейнічае паслабленне — першыя 2000 рублёў, што паступяць ад прафесійнага даходу, не абкладаюцца падаходным падаткам. З наступнага года гэтую льготу скасуюць.
Наваўвядзенне прадугледжана папраўкамі да Падатковага кодэкса, піша «Зеркало».
«Гэты вылік быў прадугледжаны на пачатковым этапе ўвядзення новага спецыяльнага рэжыму падаткаабкладання з мэтай стымулявання прымянення падатку на прафесійны даход і выканаў сваю функцыю», — раней тлумачылі ў Міністэрстве па падатках і зборах.
Нагадаем, падатак на прафесійны даход увялі ў Беларусі з 2023 года. Для тых, хто працуе з фізічнымі асобамі, падатак складае 10%. Такая ж стаўка для тых, хто працуе з юрыдычнымі асобамі, але да пэўнага памеру выручкі (да 60 тысяч рублёў), а пасля пазначанага парога падатак у два разы вышэйшы — 20%.
Нагадаем, у 2026 годзе з'явяцца і некаторыя іншыя падатковыя змены. Яны закрануць у тым ліку і тых, хто працуе за мяжой. Напрыклад, з наступнага года перастане дзейнічаць пагадненне Беларусі і Літвы аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання. Гэта дамоўленасць спрашчала жыццё ў тым ліку тым, хто атрымлівае даходы, напрыклад, у суседняй краіне, а жыве на радзіме (і наадварот, жыве там, але мае даходы з Беларусі).