Дроны ЗСУ атакавалі завод імя Сьвярдлова ў Дзяржынску
- 6.10.2025, 10:55
Гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў выбухоўкі ў РФ.
Гэтай ноччу пад удар невядомых дронаў трапіў завод імя Сьвярдлова, што ў Ніжагародскай вобласці Расіі. Гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў выбухоўкі ў РФ.
Пра гэта паведамляе Telegram-канал ASTRA.
Каля 02:30 па мясцовым часе жыхары Дзяржынска пачалі паведамляць пра выбухі ў горадзе. Паводле папярэдніх звестак, цягам гадзіны прагучала ад 25 да больш за 30 выбухаў. Таксама мясцовыя заяўлялі, што ў небе былі бачныя яркія ўспышкі, а ад гучных гукаў у машын спрацавала сігналізацыя.
Паводле іх слоў, мэтай дронаў быў мясцовы завод імя Сьвярдлова, які ўваходзіць у вайскова-прамысловы комплекс Расіі. Верагодна, там узнік пажар.