У Сірыі прайшлі першыя пасля звяржэння рэжыму Асада парламенцкія выбары
- 6.10.2025, 8:53
Дэпутатаў абіраюць не на прамых выбарах.
У Сірыі ўпершыню пасля звяржэння прэзідэнта Башара Асада адбыліся парламенцкія выбары. Галасаванне адбылося ў нядзелю, 5 кастрычніка, і яго вынікі стануць вядомыя толькі праз адзін-два дні, піша «Нямецкая хваля».
У аднапалатны Народны савет Сірыі ўсяго ўвойдуць 210 дэпутатаў, якіх абіраюць на 30 месяцаў з магчымасцю падаўжэння. Трэць з іх прызначыць прэзідэнт Ахмед аш-Шараа, які ўступіў на пасаду ў студзені 2025-га на перыяд дзеяння пераходнага ўрада краіны. Астатніх дэпутатаў вызначаць рэгіянальныя камітэты, якія былі сфармаваныя выбарчай калегіяй, прызначанай аш-Шараа.
Пры гэтым пустымі застануцца 32 дэпутацкія месцы, прызначаныя для прадстаўнікоў паўднёвай правінцыі Эс-Сувайда, дзе ў ліпені адбыліся сутыкненні паміж друзамі і бедуінамі, а таксама паўночна-ўсходняй правінцыі Эль-Хасака і паўночнай Эр-Ракка, якія часткова кантралююцца курдскімі «Сірыйскімі дэмакратычнымі сіламі» (SDF). Паводле заяў пераходнага ўрада, выбары ў трох з 14 правінцый краіны перанеслі з меркаванняў бяспекі.
Дэпутатаў у Сірыі абіраюць не на прамых выбарах
Усяго для ўдзелу ў выбарах зарэгістраваліся 1578 чалавек, пры гэтым толькі 14 працэнтаў кандыдатаў — жанчыны. Сярод патрабаванняў да іх — не быць «прыхільнікамі папярэдняга рэжыму» Асада, а таксама не падтрымліваць якія-небудзь сепаратысцкія ідэі.
У верасні аш-Шараа заявіў, што на дадзены момант правядзенне прамых выбараў немагчымае. Сярод прычын — высокая колькасць унутраных перасяленцаў і сірыйцаў, якія жывуць за мяжой і не маюць дзейных дакументаў. Таму галасавалі камітэты і выбарчыя калегіі, і першыя выбары ў Сірыі пасля звяржэння рэжыму Асада называюць «ўскоснымі».
Такі фармат выбараў выклікаў рэзкую крытыку часткі сірыйцаў, якія лічаць, што выбарчы працэс строга кантралюецца і ўяўляе сабой павярхоўны фарс. Разам з тым, нядаўняе апытанне, праведзенае размешчаным у Катары Арабскім цэнтрам палітычных даследаванняў у перыяд з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны жніўня, паказала, што 57 працэнтаў з амаль 4000 апытаных сірыйцаў лічаць бягучую палітычную сітуацыю станоўчай.