У Польшчы «замарожваюць» тэрміны разгляду заяў на міжнародную абарону
- 5.10.2025, 22:29
Да сакавіка 2026 года.
З 4 верасня 2025 года ў Польшчы ўступілі ў сілу змены ў Закон ад 12 сакавіка 2022 года «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы». Паводле новага артыкула 100da, тэрміны разгляду спраў аб міжнароднай абароне (падачы на атрыманне статусу бежанца або прытулку) прыпыняюцца да 4 сакавіка 2026 года.
Гэта азначае, што ўсе заявы, якія цяпер знаходзяцца на разглядзе ў Упраўленні ў справах замежнікаў (UDSC), будуць «замарожаныя» — адлік часу на іх разгляд спыняецца да пачатку сакавіка 2026 года, паведамляе Partyzanka.
Калі ж заяўнік падае новую заяву пасля 4 верасня 2025 года, адлік тэрмінаў пачнецца толькі пасля гэтай даты — праз паўгода.
Акрамя таго, да 4 сакавіка 2026 года не прымяняюцца нормы, якія дазвалялі падаваць скаргі на зацягванне працэсу або бяздзейнасць органа. Таксама Упраўленне не абавязана паведамляць заяўніку, што яго справа не разгледжана ў вызначаны законам тэрмін.
Што гэта значыць для тых, хто чакае рашэння:
працэс па вашай справе не спынены, але рашэнне па справе можа быць адкладзена, гэта значыць адлік тэрмінаў на разгляд справы часова «замарожаны»;
вы захоўваеце законны статус і ўсе правы, звязаныя з падачай заявы;
скаргі на затрымку разгляду да 4 сакавіка 2026 года не будуць мець юрыдычнай сілы.
Пасля гэтай даты Упраўленне ў справах замежнікаў адновіць разгляд спраў і працягне адлік тэрмінаў, якія былі «замарожаныя».