У Воршы шукаюць супрацоўніка на зарплату да 10 тысяч рублёў
- 5.10.2025, 22:01
Працаваць трэба толькі на чвэрць стаўкі.
Адно з прадпрыемстваў у Воршы шукае супрацоўніка на высокааплатную працу. Чалавеку абяцаюць да 10 тысяч рублёў у месяц пры тым, што працаваць трэба ўсяго на чвэрць стаўкі. На гэту аб’яву на сайце Дзяржаўнай службы занятасці звярнуў увагу тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю». Нягледзячы на прывабнасць прапановы, з пачатку жніўня вакансія ўсё яшчэ пустуе.
Вакансію прапануе прадпрыемства «Цилиндерс-Бел». На сайце Мінпрама сказана, што гэта беларуска-чэшскі завод па вытворчасці сталёвых бесшвоўных балонаў. Яны шукаюць дырэктара.
Праца пастаянная, у адну змену, аднак толькі на 0,25 стаўкі. Таксама ў аб’яве ёсць адзнака «працаўладкаванне замежных грамадзян».
Сярод патрабаванняў да кандыдата — вышэйшая адукацыя, валоданне чэшскай мовай, вопыт працы ад 10 гадоў і наяўнасць асабістага аўтамабіля.