У Вільнюсе адбылася акцыя салідарнасці з Мікалаем Статкевічам
- 5.10.2025, 18:19
Дагэтуль няма інфармацыі, дзе знаходзіцца лідар беларускай апазіцыі.
У Вільнюсе адбылася акцыя салідарнасці з палітыкам і палітвязнем Мікалаем Статкевічам.
Удзельнікі акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі і парасонамі сабраліся на плошчы Вінцаса Кудыркі, каб падтрымаць Статкевіча і ўсіх беларускіх палітвязняў.
Удзельнікі з партыі «Народная Грамада» і руху палітвязняў RE:BELarus заявілі, што патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Статкевіча і ўсіх вязняў сумлення ў Беларусі.
Мікалай Статкевіч быў сярод 52 палітвязняў, якіх 11 верасня вызвалілі і везлі дэпартаваць у Літву. Аднак Статкевіч выбіў дзверы аўтобуса і вярнуўся ў Беларусь. Паступалі звесткі, што цяпер ён зноў у калоніі ў Глыбокім. Але афіцыйнай інфармацыі пра яго месцазнаходжанне дагэтуль няма. Жонцы Статкевіча таксама не паведамляюць, дзе яе муж.