Axios: Трамп мацярнай лаянкай пераканаў Нетаньяху згадзіцца на здзелку
- 5.10.2025, 17:08
Іх размова адбылася пасля таго, як ХАМАС даў размытую згоду на прапанаваны прэзідэнтам ЗША план.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нецэнзурна вылаяўся ў тэлефоннай размове з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху, імкнучыся пераканаць яго згадзіцца на здзелку дзеля спынення вайны ў сектары Газы. Пра гэта піша Axios са спасылкай на крыніцы.
Іх размова адбылася пасля таго, як ХАМАС даў размытую згоду на прапанаваны прэзідэнтам ЗША план: групоўка пагадзілася вызваліць усіх астатніх закладнікаў у абмен на спыненне вайны і поўны вывад ізраільскіх войскаў з Газы, але запатрабавала правесці перамовы па многіх падрабязнасцях.
Нягледзячы на адсутнасць цвёрдай згоды, Трамп палічыў гэта поспехам і патэлефанаваў Нетаньяху, але той быў скептычны і сказаў, што падстаў для радасці няма.
Трамп адказаў на гэта: «I don't know why you're always so fucking negative», што можна перакласці як «Не разумею, чаму ты заўсёды такі чартоўскі незадаволены». «Гэта перамога. Вазьмі яе», — дадаў прэзідэнт ЗША.
Як растлумачылі Axios крыніцы, Трамп не чакаў настолькі халоднага стаўлення прэм’ер-міністра Ізраіля да адказу ХАМАС і таму адрэагаваў так не стрымана. Паводле звестак Axios, Нетаньяху ўспрымае адказ ХАМАС як адмову ад прапанаванага Трампам плану.
Пазней прэзідэнт ЗША распавёў журналістам, што сказаў Нетаньяху — здзелка з’яўляецца яго «шанцам на перамогу», і той згадзіўся. «Ён мусіў з гэтым змірыцца. У яго няма выбару. Са мною трэба мірыцца», — дадаў амерыканскі лідар.