Альтэрнатыўны сусвет «крамлёўскага старца»
- Пётр Алешчук
- 5.10.2025, 15:59
Дыктатар РФ жыве ў свеце сваіх міфаў і страхаў.
На пленарнай сесіі клуба «Валдай», што адбылася ў Сочы ў 2025 годзе, расійскі кіраўнік Пуцін ізноў прадэманстраваў, што жыве ва ўласным, створаным ім самім свеце. Свеце дамыслаў, гістарычных скажэнняў і пастаянных пагроз. Яго выступленне не было імкненнем да дыялогу або міру, а стала дэкларацыяй канфрантацыі і намераў працягваць вайну супраць Украіны.
Пуцін у сваім выступленні намаляваў карціну, дзе менавіта Расія з’яўляецца ахвярай «агрэсіі Захаду», а сама яна, нібыта, цэнтр цывілізацыйнай барацьбы. Ён паўтарыў добра вядомыя тэзісы. Што Захад нібыта спрабуе знішчыць Расію эканамічна, культурна і геапалітычна, што Захад уцягвае краіны ў сваю арбіту, пазбаўляючы іх суверэнітэту. І ўсё гэта — працяг стварэння ўласнага «альтэрнатыўнага сусвету», дзе Расія акружаная ворагамі і вымушаная «абароняцца».
Такі погляд на свет зручны. Ён ператварае любую крытыку, любыя санкцыі або нават дыпламатычныя намаганні ў «атаку на Расію». У гэтай рэальнасці любы ціск — гэта не адказ на агрэсію, а «ўмяшанне», а любы супраціў — «правакацыя». А сама Расія і яе дыктатар заўсёды «маюць рацыю».
Відавочна, што пры такой логіцы ў Пуціна не застаецца магчымасці для адступлення. Ён жа нібыта не дапускаў ніякіх памылак. Ён усё рабіў «правільна». Адказваў на пастаянныя «правакацыі». Абароняўся. Як тут можна адступіць? Трэба і далей «абароняцца». І маніякальнае паўтарэнне ўсяго гэтага лухту выразна паказвае, што любыя спробы яго «задобрыць» або «спакусіць» зняццем санкцый, вяртаннем у прастору сусветнай дыпламатыі або нечым падобным і г.д. былі правальнай стратэгіяй ад самага пачатку. Таксама як і спробы ўказаць яму на высокія страты ў салдатах або ў працэнтах эканомікі, чым апошнім часам займаецца прэзідэнт ЗША Д. Трамп. Якія страты, калі Пуцін проста «абароняецца» ўсімі даступнымі метадамі? Усе страты «апраўданыя».
Важна і тое, што Пуцін у Сочы не стаў хаваць, што яго агрэсіўная рыторыка накіраваная не толькі супраць Украіны, але і супраць усёй Еўропы і ўсяго Захаду. Ён наўпрост заявіў, што актывізацыя падтрымкі Украіны Захадам прывядзе да «нечаканых наступстваў», што спробы канфіскацыі расійскіх актываў атрымаюць «адказ». Пасыл зразумелы. Еўропа, маўляў, «сама робіць сябе мішэнню», калі яна спрабуе дзейнічаць жорстка супраць Крамля. Паводле Пуціна, Захад павінен баяцца не толькі магчымых адказных санкцый, але і прамога ціску, аж да удараў па крытычнай інфраструктуры, «спантанных крызісаў» унутры Еўропы.
Зноў жа, старая перакручаная логіка. Калі Пуцін здзяйсняе агрэсію, то ён усё робіць правільна, а калі хтосьці спрабуе дапамагчы адбіць гэтую агрэсію — гэта ўжо «ўмяшанне» ў расійскія справы і «правакацыя».
Ніводнай цвёрдай прапановы адносна міру Пуцін не агучыў. Ніводнага сігналу, што Расія гатовая да кампрамісаў. Наадварот, ён яшчэ больш выразна падкрэсліў, што Расія зацікаўленая ў доўгатэрміновай канфрантацыі з Захадам, і што Украіна — гэта толькі адзін з франтоў гэтай барацьбы.
Тое, што Пуцін пагражае Украіне, даўно не навіна. Але тое, што ён пашырае поле пагроз да ўсёй Еўропы і Захаду, — гэта сігнал зусім іншага парадку. Пры гэтым «Захад» становіцца не проста саюзнікам Украіны, а «ўдзельнікам канфрантацыі». Дэманстрацыя «прэвентыўных удараў» і пагрозы на адрас краін НАТА ствараюць атмасферу, у якой любую падтрымку Украіны можна падаць як прамое ваеннае ўмяшанне.
Пагроза кібератак, спроб дыверсій, дроны над еўрапейскімі гарадамі — гэта складнікі адной стратэгіі: ператварыць Захад у зону бесперапыннага ціску. Калі Еўропа адступіць, то Пуцін не супакоіцца. Калі Еўропа замарудзіць, то ён паспрабуе пашырыць зону кантролю і шантажаваць яшчэ больш сур'ёзна.
Трэба перастаць успрымаць выступы Пуціна як «прамову пра мір». Гэта рыторыка вайны, і яе нельга задавальняць спробамі «ўступак». Захад і Еўропа абавязаныя прызнаць пагрозу не толькі Украіне, але і сабе самім. Адказ мусіць быць не толькі санкцыйным, але і гатоўнасцю да абароны: умацаванне СПА, антыдронавых сістэм, кіберабароны, устойлівасці інфраструктуры. Неабходна дэманстраваць, што мяжа падтрымкі перамяшчаецца не туды, дзе Расіі выгодна, а туды, дзе справядліва і эфектыўна, што Еўропа не спалохаецца пагроз.
Пуцін жыве ў свеце сваіх міфаў і страхаў, але калі Захад паддасца страху — гэты свет стане рэальнасцю, навязанай усім. Як у вядомым фантастычным рамане «Чалавек у высокім замку», у якім краіны «Восі» перамаглі ў Другой сусветнай і ажыццяўляюць панаванне ў свеце. І свет апынуўся на парозе падобнай антыўтопіі якраз цяпер.
Пётр Алешчук, доктар палітычных навук, прафесар КНУ імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org