ЕС можа спыніць «ценявы флот» РФ у Балтыйскім моры
- 4.10.2025, 10:41
Рыхтуецца блакада.
Еўрапейскі саюз рыхтуе прававыя падставы для спынення танкераў «ценявога флоту» Расіі ў Балтыйскім моры.
Аб гэтым паведаміў кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак у Telegram.
«Нашы леташнія санкцыйныя прапановы могуць трансфармавацца ў рашэнне», — адзначыў Ермак.
Паводле дадзеных EUObserver, гаворка ідзе прынамсі пра 16 суднаў без сцяга, якія могуць быць затрыманыя ў адпаведнасці з артыкулам 110 Канвенцыі ААН па марскім праве.
У новым, 19-м пакеце санкцый ЕС плануе дадаць яшчэ 120 нафтавых танкераў з ценявога флоту Расіі, павялічыўшы яго «чорны спіс» да 568 суднаў. Частка з іх фармальна ўжо не заходзіць у парты ЕС, але працягвае выкарыстоўваць Балтыйскае мора для транспартавання.
«Выкарыстанне механізму міжнароднага права і гатоўнасць краін НАТА забяспечыць яго выкананне — гэта ключавы сігнал для Крамля: яго спробы абыходзіць санкцыі не працуюць», — падкрэсліў кіраўнік Офіса.
Ермак падкрэсліў, што трэба хутчэй абмяжоўваць магчымасці Расіі. Паводле яго слоў, Масква ўжо вядзе гібрыдную вайну супраць Еўропы, і тут пытанне хуткасці мае істотнае значэнне.