Мюнхенскі аэрапорт зачынены другую ноч запар з-за дронаў
- 4.10.2025, 8:05
Дыспетчары спынілі ўсе ўзлёты і пасадкі.
Міжнародны аэрапорт Мюнхена ўжо другую ноч запар вымушаны прыпыняць працу з-за паведамленняў пра з’яўленне беспілотнікаў паблізу ўзлётна-пасадачных палос. Сітуацыя прывяла да масавых затрымак і перанакіравання рэйсаў.
Пра гэта паведамляе BILD.
У пятніцу вечарам авіязносіны Германіі зноў апынуліся пад пагрозай. А 21:28 дыспетчары спынілі ўсе ўзлёты і пасадкі ў аэрапорце Мюнхена пасля папярэджання пра дроны. Паводле інфармацыі федэральнай паліцыі, «бяспека — перадусім», таму было прынята рашэнне аб часовай блакіроўцы рэйсаў.
Праца паліцыі
У аперацыі задзейнічаныя ўсе сілы паліцыі Мюнхена. Супрацоўнікі правяраюць сігналы пра магчымыя беспілотнікі і вядуць пошукі. Пакуль невядома, колькі працягнецца забарона на палёты, аднак меры тлумачацца неабходнасцю прадухіліць рызыкі для пасажыраў і экіпажаў.
Паведамленне аэрапорта
На афіцыйным сайце аэрапорта адзначаецца: «Увечары 3 кастрычніка нямецкая служба кіравання паветраным рухам (DFS) абмежавала выкананне рэйсаў у аэрапорце Мюнхена з-за непацверджаных назіранняў дронаў і прыпыніла іх да далейшага паведамлення».
Наступствы для пасажыраў
Паводле дадзеных Flightradar24, вечарам пятніцы перанакіравалі 17 рэйсаў. Днём раней падобная сітуацыя таксама парушыла працу паветранай гавані: каля 3000 пасажыраў правялі ноч у тэрмінале, размясціўшыся на раскладанках і лавах.
Закрыццё аэрапорта ў ноч на 3 кастрычніка
Увечары 2 кастрычніка паблізу міжнароднага аэрапорта Мюнхена зафіксавалі з’яўленне неапазнаных беспілотнікаў. У сувязі з гэтым праца аэрапорта была прыпыненая. Позна ўвечары ў чацвер аэрапорт закрылі, а ўзлётна-пасадачныя паласы аказаліся недаступнымі для выкарыстання з меркаванняў бяспекі.