Лукашэнка загаварыў пра вайну
- 31.10.2025, 14:03
Дыктатар пагражае «бахнуць».
Лукашэнка наведаў Бярэзінскі біясферны запаведнік і загаварыў пра вайну. Заяву дыктатара сёння, 31 кастрычніка, цытуюць дзяржаўныя СМІ.
— Не вытрымаем — акунёмся ў гэты вір. Пяцьдзясят з лішнім канфліктаў і войнаў у свеце. Не хацелася б, каб мы ўдзельнічалі ў 51-м. Але тое, што мы не хочам ваяваць, што мы не будзем увязвацца ў гэтую вайну, калі нас не чапаюць, гэта я вам абяцаю. Гэта якраз галоўная задача прэзідэнта і ўлады, — сказаў кіраўнік.
Ён заявіў, што цяпер «некаторыя краіны-суседзі трацяць на ваенныя патрэбы да 5% ад ВУП» і гэта вельмі высокі ўзровень, але «адцяпаць заходнюю частку Беларусі не выйдзе».
— Калі вы прыйдзеце да нас без дазволу сваімі каванымі чобатамі — бахнем, — сказаў кіраўнік.
Нагадаем, раней Лукашэнка расказваў, што беларускія добраахвотнікі «падрыхтоўваюцца зайсці ў Беларусь, абвясціць там сваю ўладу і звярнуцца да НАТА». Дыктатар казаў, што вызваленне Беларусі пачнецца з Кобрынскага раёна.