«Беларусь Наталлі Радзінай» — гэта пра кожнага
- Ірына Халіп
- 31.10.2025, 9:44
Кніга Фельштынскага — гатовы падручнік гісторыі.
Учора я нарэшце ўзяла ў рукі свой асобнік кнігі Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай». Як усякі ўдумлівы чытач, найперш я, вядома, пачала разглядаць здымкі. На фотаздымках яшчэ жывыя: Юрый Захаранка, Алег Бебянін, Анатоль Майсеня, Генадзь Карпенка, Вераніка Чаркасава, Павал Шарамет, Станіслаў Шушкевіч. Найцяжэйшае — дадаць «і іншыя». Бо іх ужо занадта шмат — тых, каго мы паспелі пахаваць за гэтыя гады. Тых, хто не дажыў да свабоды. Тых, каго халоднакроўна забілі або абыякава адабралі магчымасць жыць далей.
Потым я вырашыла прачытаць уступ і, можа, пачатак першага раздзела — і не здолела адарвацца да глыбокай ночы. Здавалася б, навошта мне чытаць пра сваю сяброўку — я і так пра яе ўсё ведаю. Але гэта кніга — не пра Наталлю. Гэта кніга пра нас з вамі, пра нашу гісторыю апошніх дзесяцігоддзяў, пра нашыя страты і надзеі, пра краіну, якую мы пакутліва спрабуем вярнуць.
Я ўспамінаю журналісцкі марш у турэмных робах. Гэта 1997 год, Павал Шарамет арыштаваны за сюжэт пра дзіркі на дзяржаўнай мяжы. Мы ўсе надзяваем турэмныя робы і выходзім патрабаваць яго вызвалення. А да таго выходзім стыхійным шэсцем — да МЗС, КДБ, камітэта памежных войскаў, адміністрацыі Лукашэнкі. Наталлі Радзінай 18 гадоў, яна практыкантка ў газеце «Імя».
Я памятаю стотысячны наклад газеты «Наша свабода» ў 2001 годзе, прысвечаны ахвярам палітычных забойстваў. Гэты спецвыпуск сіламі валанцёраў раскіданы па паштовых скрынях: беларусы, якія прывыклі глядзець тэлевізар, павінны ведаць, што ў іх краіне забіваюць апанентаў Лукашэнкі. У тым спецвыпуску — цяжкія і горкія інтэрв'ю з жонкамі забітых апазіцыянераў. Аўтарка ўсіх гэтых інтэрв'ю — Наталля Радзіна. Ёй 22 гады, яна працуе ў газеце «Наша свабода».
Я памятаю турэмную камеру СІЗА КДБ. Абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў ужо прад'яўлена, артыкул асабліва цяжкі, надзеі на хуткае вызваленне не засталося. Мы курыма ў фортачку, загароджаную кратамі, і шэпчамся. «Каб толькі сайт абнаўляўся, каб толькі сайт абнаўляўся, усё астатняе неяк перажыву», — Наталлі Радзінай 31 год, яна зняволеная камеры №10.
Я памятаю лета 2011 года. Кожны вечар па скайпе мы абмяркоўваем прысуды нашым сябрам і блізкім, этапы і перадачы, санкцыі і рэпрэсіі. У скайпе зусім чужы кантакт, незнаёмая аватарка. За гэтай незнаёмай аватаркай — Наталля Радзіна. Ёй 32 гады, яна ў вышуку, хаваецца ў Маскве без дакументаў, ледзь не паўзком, каб не ўбачылі з вуліцы, выходзіць на балкон удыхнуць свежае паветра.
Я памятаю яшчэ многае. І тое, як сотні людзей ва ўсім свеце спрабавалі дапамагчы пераправіць Наталлю ў Еўропу, і яе небяспечнае падарожжа з Нідэрландаў у Літву — усё гэтак жа, нелегальна, без дакументаў. І блакіроўку «Хартыі’97» у 2018 годзе, калі ўсім яшчэ здавалася, што нічога страшнага не адбылося: ну падумаеш, радыкальны сайт заблакавалі, затое ўсім астатнім нармальна жывецца, іх ніхто не блакуе, на прэс-канферэнцыі акрэдытуюць і даюць афіцыйныя каментары. Тады Наталля казала калегам, журналістам медыя, што працуюць у Беларусі: вы хоць разумееце, што вы наступныя? Не разумелі. А тым часам да татальнай зачысткі заставалася менш за тры гады. Хто ведае, калі б тады ўсё прафесійнае супольніцтва ўстала на абарону «Хартыі», можа, і 2020 год скончыўся б інакш, і не сядзелі б сёння журналісты ў турмах.
Гісторыя, вядома, з умоўным ладам не ў ладах, і выраз «калі б» — магчыма, самы непатрэбны на свеце. Але цалкам дакладна магу сказаць, што кніга Фельштынскага — гэта фактычна гатовы падручнік гісторыі. Гісторыі апошніх трох дзесяцігоддзяў, гісторыі барацьбы беларусаў з дыктатурай, гісторыі рэпрэсій і супрацьстаяння. Ужо вырасла пакаленне, якое не ведае, хто такі Павал Шарамет і якой была яго роля ў незалежнай журналістыцы Беларусі. Вырасла пакаленне, якое падчас пратэстаў 2010 года хадзіла ў дзіцячы сад. Вырасла пакаленне, якое нарадзілася пазней, чым забілі Юрыя Захаранку і Віктара Ганчара.
А зусім хутка вырасце і пакаленне, якое ўжо не будзе памятаць, што там такое няўцямнае адбылося ў 2020 годзе.
У кнізе «Беларусь Наталлі Радзінай» усё гэта ёсць. Сама Наталля там, вядома, таксама ёсць. З усімі сваімі крымінальнымі справамі, уцёкамі, бяздомнасцю — як і ўсе мы. І з неўміручай верай у тое, што ўсё зменіцца, — як і ўсе мы.
Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org
Набыць кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» можна на наступных пляцоўках:
Праз сайт выдавецтва «ISIA Media».
На ўкраінскай мове можна праз сайт выдавецтва «Друкарський двір Олега Федорова».
У бліжэйшы час кніга выйдзе на беларускай і англійскай мовах.