BE RU EN

У ЗША мужчына пайшоў пастрыгчыся і стаў багацей на $100 тысяч

  • 30.10.2025, 22:19

Амерыканец прызнаўся, што адчуў буру эмоцый.

Жыхар амерыканскага штата Паўночная Караліна выпадкова выйграў $100 тыс., калі зайшоў у краму, каб зняць грошы для аплаты стрыжкі. Пра гэта паведамляе UPI.

Жыхар Дарэма Аскар Галдамес Росалес распавёў, што ягоная субота пачалася даволі звычайна. Пасля візіту да цырульніка ён зразумеў, што ў яго няма наяўных грошай, і накіраваўся ў бліжэйшую краму Lighthouse Food Mart на вуліцы Холоўэй.

Там мужчына вырашыў набыць імгненны латарэйны білет Ruby Red 7's коштам $20. Паводле яго слоў, ён проста адчуў, што варта паспрабаваць.

«Нешта падказвала мне, што трэба купіць гэты білет, і я на гэта адважыўся», — патлумачыў Росалес.

Расалес аплаціў стрыжку, вярнуўся ў сваю машыну і сцёр ахоўны пласт на білеце. Пад ім аказаўся выйгрыш. Амерыканец прызнаўся, што адчуў буру эмоцый і адзначыў, што гэты прыз дапаможа яму ўвасобіць у жыццё некалькі даўніх мэтаў.

Апошнія навіны