BE RU EN

«Ноч расстраляных паэтаў»: Валеры Маракоў — літаратурная зорка Беларусі 1920-х

  • 30.10.2025, 0:15

Янка Купала называў яго «будучыняй беларускай паэзіі», але будучыня Маракова апынулася трагічнай.

Валеры Маракоў праславіўся, калі яму не было і 20 гадоў. Янка Купала называў яго «будучыняй беларускай паэзіі», але будучыня Маракова аказалася трагічнай. У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў Мінску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і нацыянальнай эліты, у тым ліку 22 літаратары. Сярод іх — 28-гадовы Валеры Маракоў.

Пра лёс паэта DW пагаварыла з даследчыкам беларускай літаратуры, педагогам, драматургам і сцэнарыстам Васілём Дранько-Майсюком.

Любімы паэт студэнтаў

Валеры Маракоў апублікаваў свой першы зборнік вершаў «Пялёсткі» ў 1926 годзе, калі яму было ўсяго 17 гадоў. Потым было яшчэ некалькі кніг, працы ў часопісах, газетах і сустрэчы з чытачамі.

«Калі на пачатку 1920-х зоркай быў Міхась Чарот, то напрыканцы — Валеры Маракоў. Ён быў любімым паэтам старшакласнікаў і студэнтаў. Шмат хто ўспамінаў, што нават у каханні адзін аднаму прызнаваліся вершамі Маракова», — распавядае Васіль Дранько-Майсюк.

Маракоў быў інтымным лірыкам і не захапляўся сацрэалізмам, а калі яго прымушалі пісаць нешта кан'юнктурнае, то рабіў гэта «падкрэслена насмешліва».

Даследчык адзначае, што паэт нібыта «прадбачыў першую хвалю тых страшных рэпрэсій, калі арыштавалі многіх сяброў і калег». Напрыклад, у творы «Мая паэма» (1929) Маракоў апісаў час, калі «брат душыць брата», а ў вершы «Заяц» раскрыў вобраз рэпрэсаванага беларускага інтэлігента.

Валеры Маракоў быў адным з тых, хто не пабаяўся наведаць у высылцы паэта Алеся Дудара. «Маракоў прывёз з сабой астаткі той сімпатыі да мяне і таго захаплення мною, якія акружалі мяне ў апошнія дні ў Мінску», — успамінаў Дудар.

Не прызнаў віны, ні на каго не данёс

Сам Маракоў упершыню быў затрыманы 21 сакавіка 1935 года, але праз тры месяцы справу спынілі, яго выпусцілі. Зноў паэта арыштавалі 6 лістапада 1936 года. «Маракоў, ведаючы, што ўжо пачынаецца трэцяя хваля рэпрэсій, адчуваючы гэта, казаў, што жывым не здасца, што будзе адстрэльвацца, што ў яго ёсць пісталет. Але яго схапілі на вакзале, пісталета ў яго тады не было. Ён апынуўся ў катоўнях, адкуль, на жаль, не выйшаў», — кажа Дранько-Майсюк.

Літаратуразнаўца дадае, што Маракоў не прызнаў сваёй віны, нікога не агаварыў, ні на каго не данёс: «Гэта вельмі важна, не так шмат людзей, якія маглі б быць настолькі моцнымі і фізічна, і маральна, каб не зламацца».

У чэрвені 1937 года Главліт БССР апублікаваў спіс літаратуры, якая «падлягае выдаленню з грамадскіх бібліятэк, навучальных устаноў і кніжных крам» — усе кнігі Валерыя Маракова мусілі быць спалены.

28 кастрычніка 1937 года паэт быў прысуджаны пазасудовым органам НКВД як «удзельнік контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года. Месца пахавання — мінскае ўрочышча Курапаты.

Пляменнік Маракова стаў галоўным даследчыкам яго творчасці

Паэт быў рэабілітаваны 23 красавіка 1957 года. Два гады праз выйшла яго кніга «Лірыка», а ў 1989 годзе — зборнік выбраных вершаў Маракова «Вяршыні жаданняў: Вершы, паэмы».

Але па-новаму Валерыя Маракова адкрыў яго родны пляменнік Леанід Маракоў (памёр у 2016 годзе. — Рэд.).

«Ён усе свае грошы, усю сваю энергію аддаваў беларускай культуры, каб папулярызаваць тых забытых паэтаў, у тым ліку Валерыя Маракова», — адзначае Дранько-Майсюк.

У 1999 годзе выйшла кніга «Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст», а ў 2003 годзе — зборнік «Рабінавая ноч», куды ўвайшлі выбраныя творы Валерыя Маракова без цэнзуры 1920–30-х гадоў.

Леанід Маракоў таксама выдаў маштабнае даследаванне рэпрэсій на беларускіх землях — 10-томны энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, вучоныя, работнікі адукацыі, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991». У ім змяшчаецца інфармацыя пра 20 тысяч ахвяр.

Асобна былі выдадзены кнігі пра рэпрэсаваных праваслаўных святароў і даследаванне «Ахвяры і карнікі», у якім былі раскрытыя імёны тых, хто рэпрэсаваў беларусаў.

Апошнія навіны