FT: Пуцін перапоўніў чашу цярпення атачэння Трампа
- 3.10.2025, 19:58
Адбыўся тэктанічны зрух.
Пуцін, падобна, перапоўніў чашу цярпення ключавых дарадцаў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
У найбліжэйшым атачэнні кіраўніка Белага дома адбыўся «тэктанічны зрух» у стаўленні да сітуацыі ва Украіне, паведамляе Financial Times са спасылкай на знаёмага з пытаннем чыноўніка.
Паводле дадзеных крыніц выдання, менавіта рэзкі паварот у пазіцыі Вашынгтона тлумачыць рашэнне ЗША перадаць Украіне разведдадзеныя для удараў па расійскай энергетычнай інфраструктуры. У выніку толькі ў верасні ў краіне спыніліся пяць буйных НПЗ, а дэфіцыт бензіну ахапіў рэгіёны ад Далёкага Усходу да цэнтра.
Тым часам публічныя заявы прадстаўнікоў адміністрацыі Дональда Трампа становяцца ўсё больш жорсткімі. 15 верасня спецпрадстаўнік прэзідэнта Кіт Келог заявіў, што амерыканская армія «надрала б задніцу» расійскім вайскоўцам. Праз тыдзень сам Трамп назваў Расію «папяровым тыграм» з сур'ёзнымі эканамічнымі праблемамі. Паводле яго слоў, Расія «бяссэнсава ваюе ўжо тры з паловай гады ў канфлікце, які Рэальнай Вайсковай Сіле варта было б выйграць менш чым за тыдзень». Акрамя таго, ён назваў «дурнем» Дзмітрыя Мядзведзева, які месяцам раней пагражаў ЗША ядзернай зброяй.
Уладзімір Пуцін, наадварот, дэманструе ігнараванне гэтых заяў. «Адмаўленне рэальнасці ў выкананні Пуціна набыло ўжо ярасны характар», — лічыць палітолаг Аббас Галлямаў. У сваёй прамове на «Валдайскім клубе» 2 кастрычніка Пуцін пахваліў адміністрацыю ЗША за «рацыянальны падыход», адсутнасць крывадушнасці і ўменне адстойваць інтарэсы, а за працяг вайны абвінаваціў Еўропу, якая, паводле яго слоў, «пастаянна эскалуе канфлікт».
«Аб'ектыўна ў Пуціна справы ідуць усё горш: няма вайсковых перамог, эканоміка пагружаецца ў крызіс, грамадства стамілася, а ЗСУ раз за разам выводзяць з ладу расійскую нафтаперапрацоўку. Нават Трамп узмацніў рыторыку», — адзначае Галлямаў. Паводле яго слоў, галоўнай задачай Пуціна застаецца дэманстрацыя нязломнасці: «Усе павінны бачыць, што ён як і раней хлусіў, так і працягвае хлусіць».