Забойства Парубія было замоўлена расійскімі спецслужбамі
- 3.10.2025, 17:43
СБУ раскрыла падрабязнасці вербоўкі выканаўцы.
Падазраваны ў забойстве былога спікера Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія дзейнічаў па ўказанні расійскіх спецслужбаў. Яго завербавалі летась.
Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на Службу бяспекі Украіны ў Telegram.
Украінскія праваахоўныя органы высветлілі, што больш за год таму фігурант пачаў атрымліваць ад расійскіх спецслужбаў заданні і адчытваўся ворагу пра іх выкананне. Спачатку мужчына перадаваў расіянам лакацыі Сіл абароны, а таксама спрабаваў вызначыць час і напрамак руху цягнікоў з палівам.
«Пасля праверкі гатоўнасці агента да выканання больш «складанага» задання расійская спецслужба даручыла яму забіць Андрэя Парубія і прафінансавала падрыхтоўку да гэтага злачынства. Каб выканаць заказ дзяржавы-агрэсара, зламыснік адсочваў распарадак дня і маршруты перамяшчэння народнага дэпутата», — удакладнілі ў СБУ.
Кілер рыхтаваў план уцёкаў пасля забойства, але праваахоўнікі не далі верагоднаму забойцу схавацца і затрымалі яго ў Хмяльніцкай вобласці.
Цяпер яму паведамілі пра падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе. Зараз зламыснік знаходзіцца пад вартай. Яму пагражае пажыццёвы тэрмін з канфіскацыяй маёмасці.
Раней забойства Парубія кваліфікавалі па арт. 112 Крымінальнага кодэкса Украіны (пасяганне на жыццё народнага дэпутата Украіны, учыненае ў сувязі з яго дзяржаўнай дзейнасцю).