BE RU EN

У Кангрэсе ЗША выступілі супраць скарачэння войскаў ва Усходняй Еўропе

  • 29.10.2025, 22:58

Кангрэсмены-рэспубліканцы раскрытыкавалі рашэнне Пентагона.

Кіраўнікі камітэтаў па пытаннях узброеных сіл Палаты прадстаўнікоў і Сената ЗША – Майк Роджэрс і Роджэр Уікер – выступілі супраць перадыслакацыі часткі амерыканскага вайсковага кантынгенту ва Усходняй Еўропе.

Пра гэта паведамляе («Еўрапейская праўда» https://www.eurointegration.com.ua/rus/news/2025/10/29/7223693/).

Кангрэсмены-рэспубліканцы заявілі, што «рашуча выступаюць супраць» перадыслакацыі ратацыйнай брыгады ў Румыніі і распачатага Пентагонам працэсу, «які можа прывесці да далейшага скарачэння амерыканскіх войскаў ва Усходняй Еўропе».

Яны нагадалі, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нядаўна паабяцаў не выводзіць амерыканскія войскі з Еўропы.

«Прэзідэнт мае рацыю ў тым, што дыслакацыю амерыканскіх войскаў у Еўропе трэба змяняць, паколькі НАТА бярэ на сябе дадатковую нагрузку, а характар вайны змяняецца. Але гэтае абнаўленне павінна быць шырока скаардынавана як унутры ўрада ЗША, так і з НАТА», – адзначаюць кангрэсмены.

Роджэрс і Уікер таксама зазначаюць, што абвешчанае пераўзбраенне Еўропы пад ціскам адміністрацыі Трампа патрабуе часу, а заўчасны вывад амерыканскіх войскаў з усходняга флангу НАТА «падрывае эфект стрымлівання і стварае рызыку далейшай расійскай агрэсіі».

«На жаль, рашэнне Пентагона выглядае нескаардынаваным і наўпрост супярэчыць стратэгіі прэзідэнта», – падсумоўваюць яны.

Апошнія навіны