У Беларусі затрымалі амаль два дзясяткі букмекераў
- 29.10.2025, 22:11
За арганізацыю дагаворных матчаў.
Аператыўнікі ГУБАЗіК пры падтрымцы байцоў спецападраздзяленняў МУС затрымалі 19 кіраўнікоў і ўдзельнікаў арганізаванай групы, паведамляе МУС Беларусі.
З 2021 года і па цяперашні час на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі зламыснікі падманам выманвалі грошы ў грамадзян, якія рабілі стаўкі на сайце папулярнай букмекерскай канторы 1XBET, дзе трансляваліся нібыта дагаворныя турніры па баскетболе і тэнісе. У Беларусі дзейнасць букмекерскай канторы 1XBET па-за законам, яна не мае адпаведнай ліцэнзіі.
Пры вобысках на спартыўных аб'ектах, у офісах у Мінску і Мінскай вобласці праваахоўнікі выялі аргтэхніку, дакументацыю, грошы і крыптаактывы на суму каля паўмільёна долараў у эквіваленце.
Праваахоўнікі ўжо ўстанавілі каля 200 удзельнікаў незаконных спартыўных спаборніцтваў. На чале групы стаяць людзі, якіх за арганізацыю злачыннай супольнасці вышукваюць у Расіі.
Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу за махлярства, здзейсненае ў складзе арганізаванай групы ў асабліва буйным памеры. Затрыманым пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.