Разведка ЗША ацаніла гатоўнасць Пуціна завяршыць вайну
- 29.10.2025, 20:45
Што задумаў дыктатар РФ?
Разведка ЗША папярэдзіла, што дыктатар Расіі Уладзімір Пуцін як ніколі поўны рашучасці працягваць вайну. Пра гэта піша NBC News, са спасылкай на словы высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў, у тым ліку прадстаўніка Кангрэса.
У высновах, якія былі перададзены членам Кангрэса, адзначаецца, што няма ніякіх прыкмет таго, што Расія гатовая пайсці на кампраміс па Украіне, а Пуцін больш, чым калі-небудзь, настроены працягваць вайну.
Паводле даных разведкі, заваёвы ва Украіне патрэбныя прэзідэнту РФ, каб апраўдаць сур'ёзныя страты на полі бою і эканамічны спад у краіне.
Белы дом адмовіўся каментаваць ацэнку разведкі для NBC News і спаслаўся на публічныя заявы Трампа пра намаганні па дасягненні мірнага пагаднення.
«Злучаныя Штаты працягнуць выступаць за мірнае завяршэнне вайны. Трывалы мір залежыць ад гатоўнасці Расіі весці перамовы добрасумленна», — гаворыцца ў адказе Белага дома.
Нагадаем, 16 кастрычніка Трамп і Пуцін правялі двухгадзінную тэлефонную размову, падчас якой дамовіліся правесці другую ў гэтым годзе асабістую сустрэчу ў Будапешце.
22 кастрычніка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра адмену сустрэчы з Пуціным. Амаль адразу Мінфін ЗША абнародаваў «значна ўзмоцненыя» санкцыі супраць Расіі. «Улічваючы адмову прэзідэнта Пуціна спыніць гэтую бессэнсоўную вайну, Мінфін ЗША ўводзіць санкцыі супраць двух найбуйнейшых нафтавых кампаній Расіі, якія фінансуюць ваенную машыну Крамля», — растлумачыў кіраўнік ведамства Скот Бэсент.