Politico: ЕС асудзіў паветраныя правакацыі Беларусі
- 29.10.2025, 18:54
Вільнюс разглядае гэтыя інцыдэнты як элементы «гібрыднай вайны».
Еўрапейскі саюз выступіў з асуджэннем серыі інцыдэнтаў з паветранымі шарамі, якія заляталі ў паветраную прастору краін ЕС з боку Беларусі. Аднак фінальны тэкст заявы быў змякчаны з-за пазіцыі Венгрыі, якая настаяла на выключэнні прамых абвінавачанняў у адрас рэжыму Лукашэнкі, піша Politico (пераклад — сайт Charter97.org).
Сумесная заява, апублікаваная ў сераду вярхоўнай прадстаўніцай ЕС па замежных справах Каяй Каллас, адзначае, што саюз «рашуча асуджае настойлівыя і правакацыйныя дзеянні Беларусі». Падставай сталі паветраныя шары з кантрабанднымі цыгарэтамі, з-за якіх Літва часова закрыла аэрапорты і мяжу з суседняй краінай.
Паводле звестак Вільнюса, гэтыя інцыдэнты з’яўляюцца элементам «гібрыднай вайны» супраць Захаду. У заяве ЕС гаворыцца, што гэтыя шары «не з’яўляюцца проста сродкамі кантрабанды, а запускаюцца ў кантэксце больш шырокай мэтанакіраванай гібрыднай кампаніі, якая ўключае таксама арганізаваную міграцыю пры падтрымцы дзяржавы». Брусэль падкрэсліў, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўжо дзейнічаюць, і ЕС гатовы ўвесці дадатковыя меры, калі правакацыі працягнуцца.
Раней праект заявы ўтрымліваў фармулёўку пра «прамую або наўмысную датычнасць рэжыму Лукашэнкі», аднак Будапешт настаяў на яе выключэнні. Венгрыя, якая традыцыйна займае мяккую пазіцыю ў дачыненні да Масквы і Мінска, зноў стала прычынай зацягнутых перамоваў паміж краінамі ЕС.
«У цэлым заява атрымалася дастаткова жорсткай, але гэта кампрамісны варыянт», — паведаміў адзін з дыпламатаў ЕС на ўмовах ананімнасці. Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што гэтыя інцыдэнты паказваюць неабходнасць узмацнення сумеснай абараназдольнасці ЕС і ўвядзення новых санкцый супраць Беларусі.