На Ямайку абрынуўся ўраган стагоддзя
- 29.10.2025, 18:10
«Меліса» стала наймацнейшым штормам у гісторыі краіны.
Найбуйнейшы ў гісторыі Ямайкі ўраган «Меліса» абрынуўся на паўднёва-заходнюю частку астраўнай дзяржавы. Мясцовыя ўлады і СМІ паведамляюць пра паводкі, апоўзні, паваленыя дрэвы і сарваныя дахі, маштабныя адключэнні электраэнергіі. Дакладны маштаб шкоды яшчэ трэба вызначыць, паведамляе Deutsche Welle.
Улады папярэдзілі пра пагрозу кракадзілаў
Каля 15 000 жыхароў Ямайкі перамешчаныя ў часовыя прытулкі. Без электрычнасці засталіся 530 000 дамагаспадарак пры агульным насельніцтве краіны ў 2,8 млн чалавек. У Кінгстане ўлады папярэдзілі пра небяспеку кракадзілаў, якія могуць пакінуць звыклыя месцы пражывання з-за паводкі.
Ураган прайшоў праз Ямайку менш чым за суткі. Цяпер шторм рухаецца далей на поўнач у бок Кубы, на якую, як чакаецца, абрынецца раніцай 29 кастрычніка. На востраве загадзя эвакуявалі 735 000 чалавек. Потым стыхія накіруецца ў бок Багамскіх астравоў.
Шторм ужо стаў прычынай гібелі трох чалавек на Ямайцы, трох на Гаіці і аднаго ў Домініканскай Рэспубліцы. Там жа яшчэ адзін чалавек лічыцца зніклым без вестак.
«Меліса» – найбуйнейшы ўраган у гісторыі Ямайкі
«Меліса» – найбуйнейшы ўраган, які калі-небудзь абрушваўся на Ямайку, за ўвесь час назіранняў, то бок з 1851 года, заявілі ў метэаралагічнай службе астраўнай дзяржавы. Максімальная хуткасць ветру ў эпіцэнтры стыхіі дасягала 295 км/гадз.
Гэта таксама другі паводле хуткасці ветру ўраган у Атлантыцы, што выйшаў на сушы, за ўвесь час назіранняў. Мацнейшы вецер быў толькі ў трапічнага цыклону «Ален» у 1980 годзе, падлічыла амерыканскае агенцтва Associated Press.