У Славакіі ўвядуць абмежаванне хуткасці руху для пешаходаў
- 29.10.2025, 17:06
За спробу дагнаць аўтобус можна будзе атрымаць штраф.
З 1 студзеня 2026 года ў Славакіі ўступіць у сілу незвычайнае правіла: на тратуарах у населеных пунктах нельга будзе рухацца хутчэй за 6 кіламетраў у гадзіну. Парламент краіны ўжо ўнёс папраўкі ў заканадаўства аб дарожным руху, піша Politico (пераклад — сайт Charter97.org).
Новая норма распаўсюджваецца не толькі на пешаходаў, але і на веласіпедыстаў, скейтбордыстаў, а таксама карыстальнікаў самакатаў і электрасамакатаў — усіх, хто мае права перасоўвацца па тратуарах.
Аўтар папраўкі, дэпутат партыі Smer і член кіруючай кааліцыі Любамір Важны, заявіў, што мэта закона — павысіць бяспеку пешаходаў: «Колькасць сутыкненняў з кіроўцамі самакатаў расце. Цяпер можна будзе аб’ектыўна ўсталяваць, хто рухаўся занадта хутка».
Аднак пакуль не зразумела, як менавіта ўлады маюць намер кантраляваць хуткасць пешаходаў. Сярэдняя хуткасць хады чалавека складае 4–5 км/г, а тэмп 6,4 км/г лічыцца ўмераным для людзей у добрай фізічнай форме.
Папраўка выклікала крытыку апазіцыі і насмешкі ў сацсетках. Прадстаўнік ліберальнай партыі «Прагрэсіўная Славакія» Мартін Пекар адзначыў, што пешаходам пагражаюць аўтамабілі, а не самакаты: «Каб знізіць колькасць аварый, патрэбныя бяспечныя веладарожкі, а не абсурдныя абмежаванні, пры якіх веласіпедыст ледзь можа ўтрымаць раўнавагу».