BE RU EN

Кліенты беларускага «Альфа-Банка» сутыкнуліся з праблемамі ў Apple Pay

  • 29.10.2025, 15:01

З-за новых санкцый ЕС.

У кліентаў беларускага «Альфа-Банка», які трапіў пад дзеянне 19-га пакета санкцый Еўрапейскага саюза супраць Расіі, узніклі праблемы з дадаваннем новых картак у папулярным сэрвісе мабільных плацяжоў Apple Pay. Пра гэта 29 кастрычніка паведаміла прэс-служба самога банка і дала шэраг практычных рэкамендацый кліентам.

Як патлумачылі ў прэс-службе кампаніі, 29 кастрычніка некаторыя новыя карткі «Альфа-Банка» перасталі прывязвацца да Apple Pay, але тыя карткі, што былі прывязаныя да сэрвісу раней, па-ранейшаму працягваюць працаваць без праблем.

У сувязі з гэтым у банку параілі сваім кліентам пакуль не адвязваць ужо прывязаныя карткі. А тым, хто не зрабіў гэтага раней, цяпер не застаецца нічога іншага, як карыстацца класічным пластыкам — фізічныя карткі банка, як запэўнілі ў кампаніі, стабільна «працуюць у ранейшым рэжыме».

Пры гэтым у «Альфа-Банку» пакуль не далі выразнага адказу, з якімі яшчэ складанасцямі і абмежаваннямі давядзецца сутыкнуцца кліентам банка надалей з-за ўведзеных еўрапейцамі санкцый.

«Мы ўжо распрацавалі некалькі рашэнняў на выпадак збояў у працы Apple Pay у сувязі з 19-м пакетам санкцый — хутка падзелімся ўсёй інфармацыяй і падрабязнасцямі пра іншыя магчымыя змены», — паведамілі ў прэс-службе.

Апошнія навіны