У НАТА прыгразілі «сцерці Маскву з твару зямлі»
- 29.10.2025, 12:28
У адказ на напад на Альянс.
Кіраўнік Мінабароны Бельгіі Тэа Франкен папярэдзіў Расію пра жорсткія наступствы, якія наступяць у выпадку яе спробы нанесці ўдар па гарадах Еўропы. «[Калі Пуцін запусціць ракету па Брусэлі], гэта будзе ўдар у самае сэрца НАТА, і тады мы зраўняем Маскву з зямлёй», — заявіў міністр у інтэрв'ю бельгійскаму выданню De Morgen. Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што прэзідэнт РФ не адважыцца запусціць крылатую ракету па Бельгіі.
Раней заходнія разведкі неаднаразова папярэджвалі, што Крэмль у найбліжэйшыя гады збіраецца напасці на адну або некалькі краін НАТА. Франкен лічыць, што паўнамаштабнага ўварвання з боку РФ чакаць не варта, але можа рэалізавацца сцэнар «шэрай зоны», калі «зялёныя чалавечкі» настрояць рускамоўную меншасць у Эстоніі супраць «нацысцкага рэжыму». «Не паспееш азірнуцца, як яны ўжо анексавалі кавалак Эстоніі», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.
Раней пра гатоўнасць НАТА да хуткага разгрому расійскай ваеннай інфраструктуры ў выпадку ўварвання на тэрыторыю Альянсу заяўляў былы камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс. «Калі б Расія ў 2025 годзе напала на Польшчу так, як яна напала на Украіну, яе знішчылі б сілы ВПС НАТА і сухапутныя войскі Альянсу. Можна быць упэўненым: Калінінград быў бы ліквідаваны ў першыя ж гадзіны. У першыя гадзіны — Калінінграда няма; усе расійскія аб’екты знішчаныя», — падкрэсліў ён. Ходжэс дадаў, што падобны лёс спасціг бы расійскія ваенныя аб’екты ў Севастопалі.