Жыхар Гродна пайшоў на сілавікоў з нажом
- 29.10.2025, 11:54
Міліцыя адкрыла агонь.
У Гродне міліцыянеры, якія прыехалі на выклік аб дэбашыры, стралялі ў мужчыну, які нібыта пайшоў у іх бок з нажом, паведаміла дзяржаўнае выданне «Гродзенская праўда».
У Гродне на лінію «102» паступіла паведамленне, што на лесвічнай пляцоўцы шматкватэрнага дома мужчына нібыта паводзіць сябе неадэкватна і палохае жыхароў. На месца накіравалі нарад міліцыі.
Падчас размовы з міліцыянерамі мужчына, як паведамляюць сілавікі, дастаў з кішэні нож і накіраваўся ў іх бок. Ад яго неаднаразова патрабавалі спыніцца, але мужчына нібыта не рэагаваў. Пасля чарговага папярэджання «ў дачыненні да правапарушальніка была ўжытая табэльная зброя».
Дэбашырам аказаўся 51-гадовы жыхар Гродна. Яго даставілі ў бальніцу, сур'ёзных пашкоджанняў ён не атрымаў.
Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываннем гвалту (ч. 2 арт. 363 КК). Раней мужчына больш як 40 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
Паводле ч. 2 арт. 363 КК гродзенцу пагражае пакаранне ад арышту або «хіміі» да сямі гадоў калоніі.