Новая Toyota Corolla змянілася да непазнавальнасці
- 29.10.2025, 11:26
З’явіліся першыя фота і падрабязнасці.
Новая Toyota Corolla змянілася да непазнавальнасці. Папулярная кампактная мадэль атрымае новыя рухавікі магутнасцю да 400 к.с. і ўпершыню будзе даступная ў плагін-гібрыдным варыянце.
Перадсерыйны варыянт Toyota Corolla трынаццатага пакалення прэзентавалі ў Токіа на выставе Japan Mobility Show, а на рынак мадэль выйдзе ў другой палове 2026 года. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Toyota.
Дызайн Toyota Corolla 2026 перажыў кардынальныя змены — у знешнасці цяпер пераважаюць грані. Седан мае высокую лінію вокнаў, панарамнае лабавое шкло і выгнуты дах, а на кароткай крышцы багажніка ўсталяваны немалы спойлер. Вузкія фары і ліхтары злучаны святлодыёднымі палосамі.
Салон канцэпта Toyota Corolla даволі футурыстычны, і не факт, што серыйная мадэль яго захавае. Аўто атрымала лічбавы шчыток прыбораў, сэнсарныя пераключальнікі і асобны сэнсарны экран для пярэдняга пасажыра.
Ужо вядома, што новая Toyota Corolla 2026 атрымае бензінавыя чатырохцыліндравыя рухавікі новага пакалення з палепшанай цеплаэфектыўнасцю і павялічаным ККД. 1,5-літровы атмасферны рухавік развівае 128 к.с., а варыянт з турбонаддувам — 177 к.с.
2,0-літровы чатырохцыліндравы турбарухавік падрыхтаваны для спартыўнай Toyota GR Corolla, і яго магутнасць дасягне прыблізна 400 к.с. У лінейцы застанецца гібрыдная Toyota Corolla, а таксама ўпершыню з’явіцца плагін-гібрыдная версія. А вось электрычны варыянт пакуль пад пытаннем — рашэнне па ім яшчэ не прынята.