ЗША адклікаюць значную частку вайскоўцаў з краін Усходняй Еўропы
- 29.10.2025, 11:21
Толькі з Румыніі плануецца вывесці каля 800 амерыканскіх вайскоўцаў.
ЗША запланавалі адклікаць каля 800 вайскоўцаў з Румыніі, таксама плануецца скарачэнне кантынгенту ў Балгарыі, Славакіі і Венгрыі.
Пра гэта паведамляе румынскі партал G4Media са спасылкай на крыніцы ў органах улады.
Паводле крыніц, абвяшчэнне пра адкліканне 800 амерыканскіх вайскоўцаў з Румыніі зрабілі 27 кастрычніка праз афіцыйныя працэдуры НАТА. Ідзе гаворка пра рашэнне Белага дома, таму яно ўступае ў сілу неадкладна, аднак тэарэтычна Кангрэс яшчэ можа яго змяніць.
Амерыканскія вайскоўцы размешчаныя ў Румыніі на базах імя Міхаіла Когэлнічану, Дэвеселу і Кымпія-Турзій. Пакуль невядома, на якой з гэтых трох баз скарацяць амерыканскі кантынгент. Усяго ў Румыніі знаходзіцца каля тысячы амерыканскіх вайскоўцаў.
Суразмоўцы лічаць, што рашэнне ЗША не звязанае з ануляваннем вынікаў першага тура прэзідэнцкіх выбараў, на якіх перамогу атрымаў адзіёзны ультраправы кандыдат, бо амерыканскіх вайскоўцаў плануюць выводзіць і з Венгрыі.
Румынскае выданне, сцвярджаючы, што рашэнне датычыць чатырох краін, не ўдакладняе падрабязнасцяў адносна часавых рамак, аб’ёму і іншых дэталяў вываду войскаў з іншых краін і канцэнтруецца толькі на кантынгенце, размешчаным у Румыніі.