«Вадзіцель быў п'яны ў стэльку і спяшаўся ў школу»
- 29.10.2025, 10:21
Падрабязнасці ДТЗ у Смаргонскім раёне, дзе аўтамабіль знішчыў старадаўнюю капліцу.
На мінулым тыдні ў вёсцы Расло Audi знёс прыдарожную каталіцкую капліцу. Паведамлялася, што ён няправільна выбраў хуткасць руху, але падрабязнасці ад афіцыйных крыніц пакуль не з'явіліся.
Katolik.life заўважыў у сацыяльнай сетцы аповед мясцовага жыхара, які сцвярджае, што ведае, як усё адбылося. 25‑гадовы вадзіцель быў у стане моцнага алкагольнага ап'янення і спяшаўся, каб забраць з школы дзіця.
На дарогу пад колы раптам выбеглі гусі, што справакавала аварыю. Адна з птушак загінула. Пасля ўдару ў капліцу аўто перавярнулася і таксама было поўнасцю разбіта, аднак вадзіцель цудам не пацярпеў.
Калі ўсё гэта праўда, атрымліваецца, што магла б здарыцца яшчэ большая трагедыя — калі б ён даехаў да школы, забраў дзіця і вяртаўся з ім дадому ў стане моцнага ап'янення, ён мог бы трапіць у аварыю разам з дзіцем.
Вадзіцель сам жыве ў вёсцы Расло побач з разбуранай капліцай. Дзіця, па якое ён нібыта ехаў, — не яго роднае.
Пацвердзіць усё гэта немагчыма, але такія падрабязнасці пераказваюць адзін аднаму вяскоўцы. Пра тое, што малады чалавек быў моцна п'яны, у каментарах сцвярджаюць яшчэ некалькі мясцовых жыхароў.
Разбураная капліца была гісторыка-культурнай каштоўнасцю XIX стагоддзя, таму, акрамя пакарання за ДТЗ, вадзіцелю, верагодна, давядзецца выплачваць дзяржаве буйную суму.
Аналагічны выпадак здарыўся таксама ў Смаргонскім раёне ў 2021 годзе: тады п'яны вадзіцель толькі пашкодзіў капліцу XIX стагоддзя на тэрыторыі Карэнеўскага сельсавета. Паводле заключэння эксперта філіяла «Белрэстаўрацыя», шкода склала больш за 10 тысяч рублёў, якія праз суд па іску раённага пракурора спагналі з вінаватага.