WSJ: «Бураўеснік» — старая і адсталая тэхналогія
- 29.10.2025, 8:19
Гэтае ўзбраенне ва многім з’яўляецца анахранізмам.
«Ня мае аналагаў у свеце» ракета з ядзерным рухавіком і нібыта неабмежаванай далёкасцю палёту, пра «паспяховае выпрабаванне» якой 26 кастрычніка заявілі Уладзімір Пуцін і начальнік Генштаба Валерый Герасімоў, не такая эфектыўная, як ракеты, якія Расія ўжо мае. «Бураўеснік» мае шэраг канструкцыйных недахопаў і, хутчэй, быў паказаны як палітычная зброя, лічаць эксперты.
Заява выклікала ў спецыялістаў па ракетных тэхналогіях і ядзернай зброі хутчэй недаўменне, чым страх, піша The Wall Street Journal. Хаця заяўлена, што «Бураўеснік» здольны наносіць удары з непрадказальнага кірунку і такім чынам пераадольваць амерыканскую сістэму ПРА, гэтае ўзбраенне ва многім з’яўляецца анахранізмам, лічаць яны. Ягоная хуткасць істотна ніжэйшая за хуткасць гуку, падобныя ракеты ўсё часцей збіваюць ва Украіне, бо сучасныя сістэмы СПА могуць іх выявіць. Гіпергукавыя ракеты, якія ўжо распрацавалі Расія і Кітай, маюць большыя перспектывы.
Мінусам з’яўляецца і відавочная складанасць «Бураўесніка», што павышае рызыкі збояў. У яго некалькі прывадных сістэм, якія мусяць быць ідэальна сінхранізаваныя для запуску і забеспячэння палёту: магутнасці ядзернага рэактара недастаткова, каб запусціць ракету і вывесці яе на патрэбную траекторыю. Акрамя таго, гэта павялічвае кошт і складанасць вытворчасці, тэхнічнага абслугоўвання і эксплуатацыі, кажа Дуглас Бары, старшы навуковы супрацоўнік Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў: «Навукоўцы могуць вырабіць такую прыладу ўручную ў лабараторыі, але ці ўдасца запусціць яе ў вытворчасць?».
Паводле слоў Бары, савецкія навуковыя працы па гэтай тэме датуюцца 1950-мі гадамі, і гэта «заўсёды было свайго роду навукова-лабараторным праектам», у якім «адсутнічае практычная накіраванасць».
Карло Масала, прафесар Універсітэта Бундэсвера ў Мюнхене, выказваецца больш катэгарычна. Заява Масквы пра «Бураўеснік» — гэта «прапагандысцкае шоу», бо яна прагучала на фоне ядзерных вучэнняў НАТА і рашэння Дональда Трампа увесці свае першыя санкцыі супраць Расіі, сказаў ён Deutsche Welle.