Як будуць працаваць паліклінікі і бальніцы ў лістападаўскія выхадныя
- 27.10.2025, 22:01
Мінздароўя зацвердзіла графік.
Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла графік працы медыцынскіх устаноў у святочныя і выхадныя дні ў лістападзе 2025 года, паведамляе прэс-служба ведамства.
7 лістапада (пятніца) – усе ўстановы аховы здароўя, уключаючы паліклінікі, бальніцы, аптэкі і службы крыві, працуюць па графіку святочнага дня.
8 лістапада (субота) – паліклінікі і аптэкі працуюць па суботнім графіку, а стацыянары і РНПЦ – у рэжыме звычайнага працоўнага дня.
Пацыентам раяць загадзя ўдакладняць расклад у канкрэтнай установе.
Доўгія выхадныя
Найбліжэйшыя доўгія выхадныя выпадуць у лістападзе. Паколькі Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца 7 лістапада (у пятніцу), беларусы атрымаюць міні-адпачынак з 7 па 9 лістапада.
А ў снежні нас чакае яшчэ адзін прыемны бонус: каталіцкае Божае Нараджэнне (25 снежня) прыпадае на чацвер. Пры гэтым пятніцу, 26 снежня, перанясуць на суботу, 20 снежня, што забяспечыць адразу чатыры дні адпачынку запар – з 25 па 28 снежня.
Што да 2026 года, ён пачнецца яшчэ адным міні-адпачынкам: дзякуючы Новаму году, які прыпадае на чацвер, першыя выхадныя працягнуцца з 1 па 4 студзеня.
Вясной дадатковыя выхадныя чакаюцца на Радаўніцу – 21 красавіка. Каб працягнуць адпачынак, панядзелак, 20 красавіка, абвешчаны выхадным (з адпрацоўкай 25 красавіка). У выніку атрымаецца чатырохдзённы адпачынак з 18 па 21 красавіка.
У ліпені 2026 года трохдзённыя выхадныя выпадуць на Дзень Незалежнасці – 3 ліпеня (пятніца), а ў снежні зноў чакаецца святочная паўза: каталіцкае Божае Нараджэнне прыпадзе на пятніцу, і выхадныя працягнуцца з 25 па 27 снежня.