BE RU EN

Расійскія акцыі абрынуліся да гадавога «дна»

  • 27.10.2025, 15:43

Рынак рэагуе на правальны візіт Дзмітрыева ў ЗША.

Расійскі рынак акцый паскорыў падзенне пасля завяршэння візіту ў ЗША кіраўніка РФПІ Кірыла Дзмітрыева, які не прынёс канкрэтных вынікаў і абярнуўся ўзмацненнем ядзернай рыторыкі замест прымірэння з адміністрацыяй Дональда Трампа, піша The Moscow Times.

Індэкс Маскоўскай біржы, які страціў 6,5% на мінулым тыдні, да 14:50 па Мінску ўпаў яшчэ на 3,2%, да 2457,87 пункта — да самага нізкага ўзроўню са снежня мінулага года.

Асноўная прычына падзення — геапалітыка, піша інвестбанкір Яўген Коган: «Прасвятлення тут пакуль не відаць. Усе ініцыятывы, якія былі прадпрыманыя „міратворцамі“, не прынеслі ніякага выніку. Сітуацыя блізкая да тупіковай».

Гонку ўніз сярод «блакітных фішак» узначальваюць найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі, што трапілі пад блакуючыя санкцыі ЗША. Акцыі «Раснафты» падаюць на 5,6% і знаходзяцца на мінімальных узроўнях з сакавіка 2023 года — 368,4 рубля за акцыю. «Лукойл» пасля абвалу на 12,2% за мінулы тыдзень губляе яшчэ 6,5%. Яго каціроўкі апускаліся да 5242 рублёў за акцыю — мінімуму з ліпеня 2023 года.

З моманту ўвядзення санкцый дзве кампаніі, на якія прыпадае палова здабычы нафты ў РФ, сумарна страцілі больш за 900 млрд рублёў капіталізацыі, або $11,5 млрд.

Акцыі «Сбера» да сярэдзіны таргоў таннеюць на 1,3%, ВТБ — на 1,1%, «Газпрам нафты» — на 4%, «Норнікеля» — на 4,4%, «Ростэлекама» — на 3,6%.

Падзенне на рынку — вынік таго, што геапалітычная сітуацыя працягвае абвастрацца, канстатуе аналітык Freedom Finance Global Уладзімір Чарноў. Пасля санкцый у дачыненні да «Раснафты» і «Лукойла» ў Вашынгтон паляцеў Дзмітрыеў, ключавы перамоўшчык Крамля па Украіне.

Апошнія навіны