Беларускага футбаліста назвалі самым высокім дзеючым гульцом у свеце
- 26.10.2025, 10:58
Гэта 19-гадовы варотар клуба «Славія-Мазыр».
«Футбалісты ростам вышэй за два метры вядомыя сваёй павольнай гульнёй, а значыць, іх адзіная моц — уменне аддаць мяч таварышу па камандзе. Рэдка сустрэнеш футбаліста гіганцкага росту, здольнага забіваць на найвышэйшым узроўні, — калі толькі ты не [брытанскі нападнік] Пітэр Краўч, вядома», — адзначае брытанскі партал GiveMeSport. Выданне склала спіс самых высокіх дзеючых футбалістаў. На першым месцы — беларус.
Гэта 19-гадовы варотар клуба «Славія-Мазыр» Канстанцін Вератынскі. «Яго рост — 2 метры 10 сантыметраў — перавышае любога ў сусветным футболе і з'яўляецца важнай перавагай для варотара. Найбольш у Вератынскім здзіўляе нават не яго рост, а тое, што ён яшчэ падлетак», — адзначае выданне.
Вератынскі нарадзіўся ў Пінску ў 2006 годзе. У 2023-м дэбютаваў у вышэйшай лізе за мінскі «Энергетык-БДУ». У канцы студзеня 2025 года перайшоў у «Славію-Мазыр». Пакуль ён яшчэ не згуляў за свой новы клуб у вышэйшай лізе, аднак выступае за зборныя Беларусі свайго ўзросту.