Расія можа страціць палавіну сваіх нафтавых даходаў
- 25.10.2025, 21:30
Ва Украіне пракаментавалі санкцыі ЗША.
Расія ў выніку санкцый супраць «Раснафты» і «Лукойла» можа страціць больш за палову экспарту нафты ў Індыю і Кітай. У грашовым вымярэнні гэта палова нафтадоларавых даходаў.
Пра гэта заявіў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Власюк, паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на эфір «Мы-Украіна».
Ён адзначыў, што санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла» былі прыняты як Злучанымі Штатамі, так і Вялікабрытаніяй. У той жа час Еўрасаюз мае санкцыі толькі супраць «Раснафты», паколькі частка ЕС дагэтуль залежыць ад «Лукойла».
«Гэта патэнцыйна азначае каля 100 млрд (долараў. — Рэд.) у год недаатрыманых даходаў. Мы чакаем, што пры ўмове належнага выканання адпаведных санкцыйных абмежаванняў Расія страціць не менш як 60–70% свайго экспарту нафты і ў Індыю, і ў Кітай», — сказаў Власюк.
Ён паведаміў, што ў такім выпадку гэта будзе азначаць страты даходу не менш як 5 млрд долараў за месяц.
«Гэта балюча, гэта шмат. Для параўнання, цяпер Расія за месяц зарабляе каля 10 млрд долараў. То бок гэта мінус палова нафтадоларавых даходаў адным толькі санкцыйным рашэннем у дачыненні да двух нафтавых кампаній», — падсумаваў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі.