У Кім Кардашьян дыягнаставалі анеўрызму галаўнога мозгу
- 25.10.2025, 10:31
Яе выявілі падчас планаванага абследавання МРТ.
У амерыканскай тэлезоркі Кім Кардашьян дыягнаставалі анеўрызму галаўнога мозгу. Пра гэта яна распавяла у тызеры да новага сезона шоу The Kardashians.
Актрыса адзначыла, што праблемы са здароўем у яе маглі ўзнікнуць на фоне стрэсу, выкліканага разводам з рэперам Канье Уэстам.
Па яе словах, адносіны выклікалі ў яе «нявялікі стакгольмскі сіндром». Акрамя таго, Кім распавяла, што апошнім часам моцна трывожылася з-за скандальных выходак свайго экс-мужа.
У каментары для тэлеканала CBS News кіраўнік аддзялення цэрэбраваскулярнай і эндаваскулярнай неўрахірургіі і дырэктар праграмы па лячэнні інсульту ў Інстытуце неўралогіі Маркуса Браян Снелінг адзначыў, што сам па сабе стрэс не прыводзіць да ўтварэння анеўрызмы, але ён можа павышаць артэрыяльны ціск, што звязана з утварэннем і ростам анеўрызмы.
«Сапраўдныя вінаватыя — генетыка, павышаны артэрыяльны ціск, курэнне і ўзроставыя змены артэрый», — сказаў Браян Снелінг CBS News.