BE RU EN

Японскі вытворца тэлевізараў паказаў электрычнага канкурэнта Renault Kangoo

  • 24.10.2025, 17:00

Sharp LDK+ — кампактны электрычны мінівэн.

Новы Sharp LDK+ прэзентуюць праз тыдзень на выставе Japan Mobility Show у Токіа. Гэта ўжо другі канцэптуальны аўтамабіль ад японскага вытворцы тэлевізараў і іншай бытавой тэхнікі. Пра гэта паведамляе сайт Carscoops.

Электрамабіль Sharp LDK+ крыху кампактнейшы за леташні канцэпт ад японскай кампаніі. Мінівэн з'яўляецца аналагам Renault Kangoo, Citroen Berlino і Opel Combo.

Мінівэн Sharp мае характэрны для гэтага класа двухаб'ёмны сілуэт з высокім капотам, а яго заднія дзверы — зсоўныя. Святлодыёдныя фары і ліхтары злучаныя дыёднымі палосамі.

У салоне Sharp LDK+ устанавілі паваротныя пярэднія крэслы, раскладны столік і высоўны манітор у столі. Электракар пазіцыянуюць як працяг «разумнага» дома, таму ён можа камунікаваць з электрапрыладамі — кандыцыянерам, пральнай машынай, бойлерам. Іх можна ўключаць дыстанцыйна з салона.

Характарыстыкі Sharp LDK+ пакуль не раскрываюць, але адзначаецца, што ў аснове аўто ляжыць платформа электракара Foxconn Model A. Таксама вядома, што мінівэн атрымаў функцыю двухбаковага зараджання, то бок можа быць павэрбанкам на колах і забяспечваць дом электраэнергіяй.

Апошнія навіны