Названы самы эфектыўны спосаб узбадрыцца
- 24.10.2025, 6:00
Дапамогуць L-тэанін і кафеін.
Навукоўцы з Універсітэта Пэраденіі даказалі, што спалучэнне L-тэаніну і кафеіну можа паляпшаць увагу і рэакцыю ў людзей, якія пакутуюць ад вострага недасыпу. Удзельнікі, якія атрымлівалі гэтую камбінацыю, лепш заўважалі патэнцыйныя дарожныя аварыі ў камп'ютарным тэсце і рэагавалі хутчэй у параўнанні з тымі, хто прымаў плацеба. Праца апублікаваная ў часопісе British Journal of Nutrition (BJN).
L-тэанін — амінакіслата, што змяшчаецца ў чайных лістах, вядомая сваімі заспакаяльнымі і канцэнтруючымі ўласцівасцямі. Кафеін, наадварот, стымулюе нервовую сістэму. Разам яны, як паказваюць вынікі, дзейнічаюць сінэргічна — павышаючы канцэнтрацыю без лішняга ўзбуджэння.
У эксперыменце ўдзельнічалі 37 здаровых маладых дарослых ва ўзросце ад 22 да 30 гадоў. Усе яны не спалі 17 гадзін, каб імітаваць стан вострага недасыпу. Кожны ўдзельнік у розныя дні атрымліваў або капсулу з 200 мг L-тэаніну і 160 мг кафеіну, або плацеба. Праз 50 хвілін пасля прыёму рэчыва выпрабаваныя праходзілі камп'ютарны тэст, у якім трэба было як мага хутчэй націскаць кнопку пры з'яўленні выявы з ДТЗ, ігнаруючы бяспечныя сцэны.
Падчас тэсту вялі запіс электраэнцэфалаграмы (ЭЭГ) для адсочвання мазгавой актыўнасці. Пасля прыёму камбінацыі кафеіну і тэаніну ўдзельнікі дакладней вызначалі небяспечныя сцэны, рэагавалі ў сярэднім на 40 мілісекунд хутчэй, чым пасля плацеба, і дэманстравалі ўзмацненне сігналу P3b — мазгавога адказу, звязанага з увагай і прыняццем рашэнняў.
Паводле слоў аўтаркі працы Гаяні Наваратны, атрыманыя даныя паказваюць, што спалучэнне кафеіну і L-тэаніну павышае хуткасць апрацоўкі інфармацыі і размеркаванне ўвагі нават пры выяўленай стоме.