BE RU EN

Эканаміст расказаў, як банкаўскія санкцыі ЕС паўплываюць на беларусаў

  • 23.10.2025, 21:40

Шэраг абмежаванняў пачне дзейнічаць з 2 снежня.

Тры беларускія банкі патрапілі ў 19-ы санкцыйны пакет Еўрапейскага саюза. Гэта «Альфа-Банк», «Сбер Банк» і «ВТБ-Банк», адносна якіх з 2 снежня пачне дзейнічаць шэраг абмежаванняў.

У дакуменце ўдакладняецца: будзе забаронена «прамы або ўскосны ўдзел у любых здзелках з юрыдычнымі асобамі, арганізацыямі або органамі, заснаванымі за межамі Расіі».

Нагадаем, улетку 2025 года ЕС узмацніў меры ў дачыненні да «Беларусбанка», «Белаграпрамбанка», «Белінвестбанка» і «Банка Дабрабыт», для якіх цалкам забаранілі транзакцыі. А з лютага бягучага года пад санкцыі патрапілі «Белгазпромбанк» і «БелВЭБ». Цяпер у спісе з'явіліся яшчэ тры.

Што гэта значыць для банкаўскай сферы, бізнесу і шэраговых беларусаў, у каго ёсць рахункі і карткі гэтых банкаў — бывайце, міжнародныя пераказы і магчымасць разлічвацца картай у Еўропе? Увогуле так, згаджаецца эканаміст Дзмітрый Крук, але ёсць нюансы.

— Адзначу, што гэтыя банкі трапілі пад санкцыі ў пакеце супраць РФ, таму што яны з расійскім капіталам і актыўна ўдзельнічаюць у расійскай сістэме перадачы фінансавых паведамленняў, такім сабе аналагу SWIFT, — адзначае старшы навуковы супрацоўнік BEROC у экспрэс-каментары «Салідарнасці».

— Умоўна добрая навіна для беларусаў унутры краіны — у тым, што ўсе беларускія банкі, пасля таго як адбыліся прэцэдэнты з трапленнем у санкцыйныя спісы, ужо вельмі мала залежаць ад еўрапейскіх рынкаў. У іх няма істотных аб'ёмаў транзакцый з гэтымі краінамі.

То бок, рэзкіх узрушэнняў з фінансавым станам гэтых банкаў не будзе — апакаліпсіса не чакаецца.

Кепскія навіны тычацца магчымасці падтрымання ў гэтых банках рахункаў у замежнай валюце, найперш у еўра. Апераваць з еўра падсанкцыйным банкам будзе наўрад ці магчыма.

І, вядома, самае адчувальнае для беларусаў, тое, што на паверхні, — карткавыя сэрвісы.

Судзячы па «Белгазпромбанку» і «БелВЭБ», якія трапілі пад санкцыі яшчэ зімой, нельга на 100% сцвярджаць, што іх карткі нідзе ў Еўропе не працуюць. Але, паводле водгукаў беларусаў, праблемы з плацяжамі нярэдкія, адзначае эканаміст. Напэўна такая ж гісторыя чакае і банкі, уключаныя цяпер у спісы.

— Пры гэтым, наколькі я ведаю, карткі «Альфа-Банка» да апошняга разглядаліся як даволі зручны і распаўсюджаны інструмент для паездак за мяжу. І калі ўзнікалі перабоі з іншымі карткамі, гэтыя працавалі, — дадае Дзмітрый Крук.

— У прынцыпе, на рознічным рынку «Альфа-Банк» за апошнія 5–7 гадоў прыкметна вырас па маштабах, вялікая колькасць людзей карысталася яго больш сучаснымі сэрвісамі, у тым ліку падчас замежных паездак. Цяпер гэта будзе страчана.

Супакойвальная «пілюля» ў тым, што на працаздольнасць картак унутры краіны гэта, хутчэй за ўсё, ніяк не паўплывае. Але да праблем з замежнымі пераказамі, у першую чаргу ў еўра, і магчымымі неспрацоўваннямі картак за мяжой беларусам варта быць гатовымі. Хаця, варта ўдакладніць, адбудзецца гэта прынамсі не імгненна.

Апошнія навіны