У Магілёўскім раёне лось прыйшоў на склад, «папрацаваў» і вярнуўся ў лес
- 23.10.2025, 12:30
Супрацоўнікі прадпрыемства сутыкнуліся з нечаканым госцем.
Супрацоўнікі ААТ «Магілёўскае насенне траў», якія сёння працавалі ў начную змену на складзе прадпрыемства, сутыкнуліся з нечаканым госцем — проста з лесу да іх завітаў лось, піша «Онлайнер».
ААТ «Магілёўскае насенне траў» размешчана ў вёсцы Гаі, каля 10 кіламетраў ад абласнога цэнтра. Мінулой ноччу на склад прадпрыемства праз адкрытыя вароты зайшоў лось. Самы што ні ёсць сапраўдны, з велізарнымі рагамі. Супрацоўнікі, што працавалі ў начную змену, не разгубіліся і нават паспелі сфатаграфаваць цікаўную жывёлу.
«Такім чынам на працу часова быў прыняты новы супрацоўнік. Код спецыяльнасці — «лось-абходчык», — напісаў аўтар мясцовага тэлеграм-канала і ў жартоўнай форме пералічыў, чым лось займаўся: «прайшоў без прапуску, не спалохаўся шуму, правёў пазапланавы агляд тэрыторыі, працаваў абсалютна моўчкі».
Пасля абыходу склада лось пайшоў назад у лес. Ні жывёле, ні работнікам шкода нанесена не была.