Работа міжнароднай ІТ-кампаніі ў Мінску аказалася часткова паралізаванай пасля звальнення супрацоўніцы
- 23.10.2025, 9:43
Жанчына паспрабавала «самастойна аднавіць справядлівасць».
Крымінальную справу за блакіраванне і мадыфікацыю камп’ютарнай інфармацыі ўзбудзілі ў дачыненні да 33-гадовай жыхаркі Мінскай вобласці, якая пасля звальнення захапіла сацыяльныя сеткі былога працадаўцы. Падрабязнасці расказалі ў МУС.
У міліцыю звярнуліся прадстаўнікі міжнароднай ІТ-кампаніі з заявай аб страце доступу да карпаратыўных акаўнтаў у сацыяльных сетках.
«Праца фірмы аказалася часткова паралізаванай», — паведамілі ў МУС, дадаўшы, што з-за дзеянняў былой супрацоўніцы кампаніі была прычыненая шкода ў 6 тысяч рублёў.
Аператыўнікі высветлілі, што да злачынства датычная былая супрацоўніца — 33-гадовая жыхарка Мінскай вобласці.
«Жанчына адказвала за адміністраванне сацыяльных сетак і рэкламных кабінетаў. Пасля сыходу змяніла паролі і налады двухфактарнай аўтэнтыфікацыі. Фігурантка прызналася, што засталася незадаволенай разлікам пры звальненні і паспрабавала «самастойна аднавіць справядлівасць», — расказалі ў МУС.
У дачыненні да жанчыны ўзбудзілі крымінальную справу за блакіраванне і мадыфікацыю камп’ютарнай інфармацыі.
«Умяшанне ў функцыянаванне карпаратыўных лічбавых рэсурсаў пасля спынення працоўных адносін можа пацягнуць крымінальную адказнасць. Працадаўцам варта змяняць паролі ўваходу ў акаўнты пасля звальнення кожнага супрацоўніка, які меў да іх доступ», — параілі ў МУС.