Гэтыя два фільмы натхнілі Пітэра Джэксана завяршыць «Уладара пярсцёнкаў»
- 21.10.2025, 12:58
Трылогія прынесла рэжысёру амаль $3 млрд збораў і 17 «Оскараў».
Рэжысёр Пітэр Джэксан прызнаўся, што менавіта фільмы Марціна Скарсэзэ «Слаўныя хлопцы» і «Казіно» дапамаглі яму знайсці сілы давесці да канца здымкі трылогіі «Уладар пярсцёнкаў», піша Far Out Magazine (пераклад — сайт Charter97.org).
У інтэрв’ю Гільдыі рэжысёраў Амерыкі Джэксан распавёў, што звяртаўся да карцін Скарсэзэ ў моманты стомы і творчага выгарання. «У выхадны я ўключаў DVD «Слаўных хлопцаў» або «Казіно» і разумеў, што мушу рабіць», — прызнаўся ён.
Паводле слоў Джэксана, назіранне за рэжысёрскай працай Скарсэзэ натхняла яго шукаць новыя спосабы здымак сцэн, цікавыя рухі камеры і арыгінальныя рашэнні для акцёрскай гульні. «Гэта было свайго роду тэрапіяй, калі я быў цалкам спустошаны», — дадаў ён.
Хоць свет Сярэднязем’я мае мала супольнага з крымінальнымі драмамі Скарсэзэ, Джэксан адзначыў, што энергія і вынаходлівасць гэтых фільмаў дапамагалі яму захоўваць творчы запал. Стужкі паводле раманаў Джона Роналда Руэла Толкіна прынеслі яму сусветнае прызнанне, амаль $3 млрд збораў і 17 «Оскараў».
Джэксан таксама назваў сваімі натхняльнікамі рэжысёраў Джорджа Рамэра, Сэма Рэмі, Сцюарта Гордана і Стэнлі Кубрыка, падкрэсліўшы, што менавіта творчасць іншых майстроў дапамагае яму пераадольваць стому і вяртацца да працы з новай энергіяй.