Чатырохгадовая беларуска са спісу Forbes пакарыла сацсеткі
- 2.10.2025, 22:02
Ева Карпікау зрабіла агляд беларускіх страў.
Еве Карпікау яшчэ няма і пяці гадоў. Але гэта не перашкодзіла дзяўчынцы сёлета трапіць у спіс Forbes самых перспектыўных блогераў. На яе блог у інстаграме, які вядзе мама, падпісана ўжо 1,2 мільёна чалавек. У тыктоку падпісчыкаў яшчэ больш — 2,1 мільёна.
Мама Евы з расійскага Урала, бацька — з беларускага Іўя. Але пазнаёміліся маладыя людзі ў Дубаі: бацька Астах жыў там з 17 гадоў, а мама Анастасія прыляцела туды працаваць у музычнай школе настаўніцай. Калі каханай трэба было вярнуцца на радзіму, Астах паляцеў за ёй — два гады маладая сям’я жыла ў Екацерынбургу. Але як толькі беларус атрымаў прапанову зноў працаваць у Дубаі, муж з жонкай з радасцю вярнуліся туды.
Пра тое, што дачку заўважыў Forbes, бацькі даведаліся са СМІ. Але праз гэта сям’я сутыкнулася і з хейтам: шмат хто паспеў дадумаць пра прыбыткі ў мільёны долараў. Анастасія ж кажа, што яны самая звычайная сям’я без понтаў і віл — і нават машына ў іх у крэдыт. А трапленне ў спіс Forbes сведчыць толькі пра тое, што яны ствараюць цікавы кантэнт.
Шчырасць і непасрэднасць Евы заваёўваюць сэрцы. Не мінула і сутак, а новае відэа, у якім юная лэдзі частуецца стравамі беларускай кухні і каментуе іх, набрала больш за 1,2 мільёна праглядаў, піша «Наша Ніва».
Адразу ёй прапанавалі дранікі — маленькая блогерка ела іх з апетытам.
— Першая страва проста шыкоўная! Можа, тут бульба такая смачная? Гэта я на мульцік пакіну, са сметанкай.
А вось халаднік энтузіязму не выклікаў. Ева насупілася, але лыжачку з’есці пагадзілася. Ацэнку дала тактычную: «Гэта не маё».
Бярозавік быў рэабілітаваны:
— Я ж раней піла, і мне не спадабалася. Можа, іншая бяроза?
Клёцкі атрымалі шчыры камплімент: «Аж за вушамі трэшчыць». А вось з калдунамі дзяўчынка не здолела вызначыцца — падабаюцца яны ёй ці не, але настойліва сказала тату: «Вынось!».
Калі Ева піла Лідскі квас, у яе быў такі выраз твару, што адразу стала зразумела: наўрад ці яна сама калі-небудзь папросіць у бацькоў купіць гэты напой.
Затое бабка сапраўды пакарыла фудблогерку:
— М-м-м, вось гэта смаката. Яшчэ раз укушу! Нават слоў няма.
Паляндвіцу Ева таксама адобрыла, а пальцам піханая каўбаса выклікала пытанні:
— Чым піханая? Якім пальцам? Тваім? Божа мой.
У выніку крытык прызнала, што вельмі смачна.
Беларусы ў каментарах пішуць дзяўчынцы словы захаплення і заміляюцца.
У сторыс мама паказала кадры, якія не ўвайшлі ў фінальнае відэа. Там Ева дзякуе тату па-беларуску. «Урокі бабулі па беларускай мове не прайшлі дарма», — напісала маці.