Нумары аўто «дзявятага рэгіёна» здзівілі беларусаў
- 2.10.2025, 17:32
Незвычайныя знакі выклікалі бурныя абмеркаванні ў Сеціве.
На маскоўскіх вуліцах заўважылі дзіўнае аўто. Машына нічым не вылучалася з плыні — цёмны пазадарожнік прыцягнуў увагу іншым.
Пра «новы ўзровень цюнінгу» аўтар вырашыў расказаць у TikTok.
Справа ў тым, што нумар машыны не падобны да стандартных, якія рэгіструюцца ў Беларусі. Літара, тры лічбы, дзве літары, праз дэфіс яшчэ адна лічба.
Апошняя і кінулася ў вочы, бо гэта была дзявятка.
Беларусы прывыклі, што ўсе аўтанумары падзелены на сем рэгіёнаў: па адным на вобласць плюс Мінск. Нядаўна ў сталіцы скончыліся нумары з сямёркай, таму ў ДАІ пачалі выдаваць нумары з васьмёркай у канцы.
А вось дзявятку пакуль толькі анансавалі для жыхароў Міншчыны, праўда, да гэтага яшчэ трэба дажыць.
У каментарыях пад відэа меркаванні падзяліліся. Адны жартавалі напоўніцу, маўляў, дзявяты рэгіён — гэта Шабаны. Хтосьці напісаў, што спалучэнне ЕКХ на нумарах расшыфроўваецца як «езджу як хачу».
Аднак кампетэнтныя крыніцы ўдакладнілі, што рэгістрацыйныя знакі, паказаныя на пазадарожніку, — гэта падробка.
Такіх камбінацый рэгістрацыйных знакаў у Беларусі не існуе.
Адкуль у кіроўцы з’явіліся такія нумары і што з ім будзе далей, пакуль невядома.