Беларуска стала сукуратаркай выставы ў адной з самых прэстыжных галерэй сучаснага мастацтва ў Варшаве
- 2.10.2025, 14:14
Выстава адкрыецца 17 кастрычніка.
У прэстыжнай варшаўскай Нацыянальнай мастацкай галерэі «Захента» 17 кастрычніка адкрыецца выстава «Пра што мы марым разам? Глабальныя сувязі — забытае сяброўства». На ёй можна будзе ўбачыць працы мастакоў з усяго свету, а адной з куратарaк стала беларуска Антаніна Стэбур, паведамляе «Зеркало».
Ідэя выставы — асэнсаванне культурнай палітыкі Польскай Народнай Рэспублікі (такой была афіцыйная назва Польшчы ў эпоху сацыялізму). А таксама таго «інтэрнацыяналістычнага сяброўства», якое склалася тады з краінамі сацлагера. Як пішуць на сайце галерэі, яно было неадназначным паводле сваёй прыроды: выяўляла вызвольныя памкненні, але грунтавалася на залежнасці, звязанай з эксплуатацыяй прыродных рэсурсаў, таннай працоўнай сілай і гвалтам.
Куратары выставы разам з запрошанымі мастакамі і актывістамі задаюцца пытаннямі пра сучасную ролю культурных устаноў у кантэксце росту этнічнай і нацыянальнай разнастайнасці польскага грамадства, у эпоху ўзмацнення ксенафобіі і дыскрымінацыі. І спрабуюць уявіць вобраз культурнай установы, якая была б не толькі прасторай для экспазіцыі мастацтва, але перадусім пляцоўкай для дыялогу і сумеснага разважання.
Акрамя беларускі Антаніны Стэбур, куратарамі выставы сталі ўкраінец Тарас Гембік і полька Ёанна Корд'як. У экспазіцыі будуць прадстаўлены як гістарычныя творы і дакументы, так і працы сучасных мастакоў з розных рэгіёнаў свету. Прычым большасць з іх былі створаныя спецыяльна для гэтай выставы.
Антаніна Стэбур — куратарка, гісторык мастацтва і арт-крытык. Яна атрымала ступень магістра візуальных і культурных даследаванняў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Літва). Была сузаснавальніцай беларускага праекта на тэму гендарнай дыскрымінацыі #дамаудобнаявбыту, сукуратаркай выстаў «Імёны» (Брэст, Мінск, Віцебск), «Кожны дзень. Мистецтво. Солідарність. Спротів» (Гарадскі Арсенал, Кіеў, Украіна), «Я пад'язджала да горада, якога яшчэ не ведала» (Дніпро, Украіна) і іншых.