ЕС рыхтуе новы падыход да санкцый супраць Расіі
- 2.10.2025, 7:59
Пад прыцэлам тры важныя сферы.
Еўрапейскі саюз плануе ўвесці больш жорсткія абмежаванні ў дачыненні да Расійскай Федэрацыі, якія закрануць тры ключавыя сферы.
Пра гэта заявіла прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляйен.
Па выніках нефармальнага еўрапейскага саміту ў Капенгагене яна адзначыла, што настаў час узмацніць ціск на Расію, і з гэтай мэтай ЕС прапанаваў новы падыход да санкцый.
«Мы больш не прапануем паэтапныя санкцыі, а прапануем значна больш жорсткія меры ў дачыненні да энергетыкі, фінансавых паслуг і гандлю», — сказала фон дэр Ляйен.
Прэзідэнтка Еўракамісіі дадала, што гэта частка 19-га пакета санкцый, які абмяркоўваецца проста цяпер.
19 верасня Еўракамісія вынесла на абмеркаванне краінам-членам ЕС 19-ы пакет санкцый супраць рэжыму Уладзіміра Пуціна.
Новыя абмежаванні, у прыватнасці, прадугледжваюць поўную адмову ад імпарту расійскага газу ў краіны Еўропы да 1 студзеня 2027 года.
Паслы краін ЕС могуць узгадніць новы пакет санкцый ужо ў бліжэйшыя дні.