Z-прапагандысты расказалі, што хавае Крэмль
- 19.10.2025, 16:13
У Расіі велізарныя санітарныя страты.
Нават сярод самых адданых прыхільнікаў вайны супраць Украіны гучаць прызнанні пра катастрафічнае становішча акупацыйнай арміі РФ. Z-патрыёты Максім Калашнікаў і Юрый Евіч, вядомыя сваёй падтрымкай агрэсіі, адкрыта паведамілі пра маштабныя страты і жахлівыя ўмовы для расійскіх вайскоўцаў, паведамляе «Дыялог».
Калашнікаў расказаў, што атрымаў ліст ад свайго знаёмага, які ваюе на фронце. І ён моцна ўсхваляваў Z-патрыёта.
«У нас страшная праблема — санітарныя праблемы. Нашых параненых па аб'ектыўных прычынах не вывезці. Вымушаныя часам суткамі чакаць дапамогі, будучы параненымі. Эвакуіраваць вельмі-вельмі цяжка. І, кажуць, нашы санітарныя страты — не 1 да 3 (на 3 параненых 1 забіты), а ўжо ледзь не 1 да 1!» — расказаў Калашнікаў.
Паводле яго слоў, сітуацыя з медыцынскім забеспячэннем і эвакуацыяй настолькі плачэўная, што параненыя часта гінуць, не дачакаўшыся дапамогі.
Яшчэ больш адкровенным адносна санітарных праблем аказаўся Евіч.
«Раней, калі я эфіры запісваў, я нашых слухачоў палохаў: маўляў, абстаноўка сур'ёзная, жахлівая. А цяпер я іх супакойваю! Бо абстаноўка настолькі жахлівая, што калі пачаць гаварыць, як ёсць, ды яшчэ з эмоцыямі, нашы слухачы цалкам страцяць усякую логіку і здольнасць да эфектыўных дзеянняў», — заявіў ён.
Гэтыя прызнанні паказваюць рэальны стан расійскай арміі, які Крэмль спрабуе схаваць ад грамадства. Даныя пра страты акупантаў засакрэчаныя і аднесеныя да дзяржаўнай таямніцы. Аднак нават сярод прыхільнікаў вайны расце ўсведамленне маштабаў катастрофы.