На дачах пад Мінскам знайшлі бронзавы артэфакт, якому больш за дзве тысячы гадоў
- 19.10.2025, 14:18
Унікальная знаходка збянтэжыла археолагаў.
Падчас раскопак пад Мінскам, проста на агародах дачнікаў у Ждановічах, знайшлі бронзавае ўпрыгажэнне, якому больш за дзве тысячы гадоў. Першыя раскопкі тут пачаліся ў канцы 1920-х — тады вучоныя назвалі помнік гарадзішчам Банцараўшчына (у гонар вёскі, якой цяпер не існуе), а зробленыя тут знаходкі вылучылі ў асобную банцараўскую археалагічную культуру, перадае «Еўрарадыё».
«Гэта падвеска збянтэжыла не толькі мяне, але і вучоных, якія займаюцца эпохай жалезнага веку», — кажа археолаг Элона Ляшкевіч з Інстытута гісторыі НАН.
Людзі ўпершыню пасяліліся тут шмат стагоддзяў таму. Паводле слоў Ляшкевіч, цяпер, верагодна, давядзецца змяніць дату заснавання паселішча на больш раннюю, бо бронзавая падвеска «дае новую храналогію».
Раней знаходкі тут датаваліся III стагоддзем да нашай эры.