У Рэспубліцы Сербскай прызначылі часовага прэзідэнта
- 19.10.2025, 10:52
Палітык будзе займаць гэтую пасаду на працягу аднаго месяца.
Парламент Рэспублікі Сербскай прызначыў часовага прэзідэнта пасля таго, як суд адхіліў ад палітыкі прарасійскага лідара Міларада Додзіка.
Пра гэта піша Reuters.
У суботу, 18 кастрычніка, парламент Рэспублікі Сербскай прызначыў Ану Трышыч Бабіч часовым прэзідэнтам, упершыню афіцыйна прызнаўшы, што Додзік сыходзіць у адстаўку пасля таго, як дзяржаўны суд забараніў яму займацца палітыкай.
Трышыч Бабіч, блізкая паплечніца Додзіка, будзе займаць гэтую пасаду цягам аднаго месяца, пакуль 23 лістапада ў Рэспубліцы Сербскай не адбудуцца новыя прэзідэнцкія выбары.
Парламент таксама скасаваў шэраг сепаратысцкіх законаў, прынятых за апошні год, пасля таго, як супраць Додзіка вылучылі абвінавачанні ў невыкананні рашэнняў міжнароднага прадстаўніка і канстытуцыйнага суда.
Додзік заявіў, што нягледзячы на галасаванне парламента, Рэспубліка Сербская «не зменіць сваю палітыку», а аддзяленне застаецца яго канчатковай мэтай.
Нагадаем, Рэспубліка Сербская не мае прэзідэнта з жніўня, калі быў пацверджаны прысуд Додзіку за непадпарадкаванне рашэнням высокага прадстаўніка міжнароднай супольнасці ў Босніі і Герцагавіне.