Раскопкі пад Ждановічамі могуць змяніць гісторыю мясціны
- 19.10.2025, 4:10
Што знайшлі археолагі?
Дачны кааператыў «Крынічны» пад Ждановічамі размешчаны на месцы археалагічнага помніка. Там знаходзіцца гарадзішча Банцэраўшчына, піша pristalica.by.
Даследаванні мясцовасці працягваюцца ўжо амаль 100 гадоў, хоць гарадзішча з цягам часу шчыльна забудавалі.
«Наша задача — даследаваць уцалелыя ўчасткі, каб вызначыць культурна-храналагічную сітуацыю. Раскопкі любога паселішча заўсёды даюць інфарматыўны матэрыял, найперш гэта рэшткі керамічнага посуду. Сёлета мы таксама знайшлі фрагменты ляпной керамікі», — расказала навуковая супрацоўніца Інстытута гісторыі НАН Беларусі Элона Ляшкевіч.
Гарадзішча Банцэраўшчына
У гэтым паселішчы жылі людзі розных археалагічных культур на працягу многіх стагоддзяў.
Упершыню пагорак асвоілі ў каменным веку, магчыма, яшчэ ў мезаліце. У раннім жалезным веку тут пасяліліся носьбіты культуры штрыхаванай керамікі, у раннім Сярэднявеччы (V–VIII стагоддзях н.э.) іх змяніў іншы этнас, які належыць да банцэраўскай культуры.
- Найбольш значнай знаходкай сёлета стала бронзавая падвеска, якая збянтэжыла не толькі мяне, але і навукоўцаў, што займаюцца жалезным векам. Яна адносіцца да другой паловы першага тысячагоддзя да нашай эры. Гэта вялікая ўзнагарода для нас, адзіная знаходка ў Цэнтральнай Беларусі, – расказала Ляшкевіч.
Даследаванне пласта працягнецца ў заходняй частцы гарадзішча. Там таксама знаходзілі фрагменты бронзавых упрыгожванняў.
Такія знаходкі, магчыма, указваюць на больш раннюю дату заснавання паселішча.
Супрацоўніца Інстытута гісторыі НАН адзначыла, што грамадзяне, на ўчастках якіх вяліся раскопкі, заўсёды ішлі насустрач археолагам.