OSINT: У спісе расійскіх страт з'явіліся рарытэтныя танкі, створаныя пры Сталіне
- 18.10.2025, 21:38
Найстарэйшыя версіі гэтых машын выпускаліся яшчэ ў 1940-х гадах.
У статыстыцы расійскіх страт на фронце зноў з'явіліся рарытэтныя танкі Т-54/55, якія масава выпускаліся з 1948 па 1979 год. Гэта можа сведчыць пра жаданне расіян зберагчы свае новыя машыны, ахвяруючы ўзамен больш старымі. Пра гэта ў сацсетцы X паведамляе аналітык адкрытых дадзеных (OSINT) Рычард Вэрэкер, піша «УНІАН».
Паводле яго падлікаў, на працягу апошніх трох месяцаў расіяне ў цэлым страцілі 88 танкаў, з якіх 22 былі неўстаноўленага тыпу. З астатніх 66 танкаў 4 былі менавіта тыпу Т-54/55. І хоць на агульным фоне гэта невялікая колькасць, гэта ўсё ж прыкметны рост, бо ўсяго з пачатку вайны расіяне страцілі толькі 15 такіх машын.
Вэрэкер адкідвае дапушчэнне, што гэтыя танкі маглі выкарыстоўваць як артылерыю для вядзення агню з закрытых пазіцый. Па-першае, у іх занадта малы вугал пад'ёму гарматы, што абмяжоўвае далёкасць стральбы. Па-другое, гэтыя танкі маюць гармату адносна «слабога» калібру 100 мм, што робіць яе не надта ўдалай у ролі артылерыі. Па-трэцяе, гэтыя танкі занадта старыя, таму дакладнасць стральбы на значныя адлегласці будзе жахлівай.
Аналітык адзначыў, што апошнім часам у Расіі танкі Т-54/55 выкарыстоўвалі для навучання новых танкістаў у танкавых школах, што дазваляла вызваліць новыя танкі для патрэб фронту. Аднак цяпер падыход змянілі на процілеглы, мяркуе Вэрэкер.
- Магчыма, мы цяпер назіраем павелічэнне страт Т-54/55 на фронце, паколькі Расія іх замяніла - размясціла сучасныя танкі ў школах для іх захавання, а старыя адправіла на поле бою, дзе іх страта мае меншае значэнне, - мяркуе аналітык.