Аўстрыя падтрымала 19-ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі
- 18.10.2025, 18:53
Пазіцыя Аўстрыі была асноўнай перашкодай для прыняцця 19-га пакета санкцый.
Аўстрыя згадзілася падтрымаць новыя санкцыі супраць Расіі, уведзеныя з-за вайны ва Украіне, змяніўшы сваю ранейшую пазіцыю, якая заставалася ключавой перашкодай для прыняцця 19-га пакета, паведамляе «Нямецкая хваля».
«Аўстрыя падтрымлівае працяг ціску на Расію і ў панядзелак зацвердзіць 19-ы пакет санкцый», — гаворыцца ў заяве МЗС Аўстрыі.
Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза павінны сабрацца ў панядзелак, 20 кастрычніка, у Люксембургу, дзе плануюць завяршыць працу над 19-м пакетам санкцый супраць Расіі за ўварванне ва Украіну.
Як паведамлялася раней, прыняцце пакета зайшло ў тупік, бо Вена настойвала на кампенсацыі аўстрыйскаму Raiffeisen Bank International (RBI) штрафу, накладзенага ў Расіі. Аднак іншыя ўрады ЕС не падтрымалі гэта патрабаванне. Для зацвярджэння пакета неабходна аднагалоссе ўсіх 27 дзяржаў — членаў ЕС. Славакія таксама выказвала сумневы наконт новага пакета санкцый, але, паводле слоў чатырох дыпламатаў ЕС, Еўракамісія чакае, што ўсе заклапочанні Браціславы ўдалося вырашыць.
Змест 19-га пакета санкцый
Чакаецца, што ў 19-ы пакет санкцый увайдуць абмежаванні ў сферах фінансаў і энергетыкі, у тым ліку забарона на імпарт расійскага звадкаванага прыроднага газу з 1 студзеня 2027 года, што на год раней за раней прызначаную дату — 1 студзеня 2028-га.
Новыя абмежаванні, верагодна, таксама закрануць яшчэ шэраг расійскіх танкераў, выкарыстанне крыптавалют, расійскіх і цэнтральнаазіяцкіх банкаў, кітайскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, а таксама працу шэрагу эканамічных зон, якія з'яўляюцца мытнай лазейкай Масквы для імпарту тавараў падвойнага прызначэння.